БЯСКОРМІЦА НА ФЭРМАХ ГОМЕЛЬСКАГА РЭГІЁНУ

Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Леташнія кармы скончыліся, а да зялёнай травы яшчэ далёка. Ужо больш за два тыдні сельгаспрадпрыемства “Мышанка” Петрыкаўскага раёну езьдзіць па сенаж і сілас у вёску Лучыцы амаль за паўсотні кілямэтраў. Свой фураж даўно скончыўся, і жывёлу трэба ратаваць ад бяскорміцы.

Такое становішча характэрнае для многіх калгасаў, прычым ня толькі Петрыкаўскага раёну. Кармы купляюць ў Хойніцкім, Добрускім, Ельскім, іншых раёнах. У Рагачоўскім раёне вырашылі жывёлу перавозіць з адных калгасаў у другія, дзе сытуацыя з кармамі крыху лепшая. Вось што распавёў вашаму карэспандэнту начальнік райсельгасуправы Мікалай Дорасеў:

(Дорасеў: ) “Перамясьцілі мы ў іншыя гаспадаркі пагалоўе буйной рагатай жывёлы зь сельгаспрадпрыемстваў “Лучын”, “Званец”, “17-ы Партзьезд”. Перамясьцілі каля тысячы галоваў”.

Усяго ў рэгіёне шляхам перавозу ратуецца ад бяскорміцы 13 тысяч галоваў маладняку. Да нядаўняга часу ў рэгіёне дзейнічалі атрады нарыхтоўкі хвойных галінак, якія ішлі ў якасьці дабавак на корм жывёле. З надыходам цяпла ў хвойных дрэвах ажывае рух смалы, і зялёнае гальлё ўжо не прыдатнае на корм.

Аблвыканкам тэрмінова выдзеліў 300 мільёнаў рублёў бюджэтных грошай на пакупку ў Расеі так званага шроту сланечніка. Камэрсанты фірмы “Біасіп” ужо прывезлі ў рэгіён з Расеі 630 тон гэтага шроту. Яго дабаўляюць у невялікую колькасьць камбікорму, каб зрабіць пойла і паліць ім салому — гэты асноўны цяпер корм.

Паводле падлікаў адмыслоўцаў, на суткі нават для дойнага статку атрымліваецца на галаву ўсяго чатыры з паловаю кармавыя адзінкі. Начальнік аддзелу жывёлагадоўлі аблсельгасхарчу Ўладзімер Гайдук на гэта заўважыў:

(Гайдук: ) “Чатыры з паловаю кармавыя адзінкі трэба даць, каб толькі жывёла жыла, а мы яшчэ хочам даіць малако”.