АГЛЯД АРАБСКАЙ ПРЭСЫ

Віталь Цыганкоў, Прага

Ірацкая газэта “Бабіль” заклікае да стойкасьці супраць “амэрыкана-брытана-сіянісцкай” агрэсіі. “Выглядае, што злавесныя амэрыканцы не разумеюць нічога, акрамя мовы сілы. Яны разумеюць толькі моц, паказаную адважнымі сынамі вялікага Іраку, якія адбілі барбарскае і баязьлівае амэрыкана-брытана-сіянісцкае ўварваньне... Як яшчэ можна апісаць іхную легендарную стойкасьць ў порце, які маленькі па тэрыторыі, аднак поўны блаславеннай зямлі і яе сапраўдных сыноў?” –піша ірацкая газэта “Бабіль”.

Газэта брытанскіх мусульманаў “Аль-Хаят” адзначае, што вайна ў Іраку толькі дапаможа ажыцьцявіць адну з мараў Садама Хусэйна – рост нянавісьці да ЗША. “Садам Хусэйн прайграў барацьбу за грамадзскую думку, альбо за “арабскую вуліцу”. Ён ня здолеў здабыць давер альбо спачуваньне. Гэткімі былі пераважныя пачуцьці да вайны ў Іраку. Пасьля пачатку апэрацыі арабская грамадзкая думка больш не засяроджаная на Хусэйне”, – сьцьвярджае брытанская “Аль-Хаят”.

Нават у Іране, не арабскай краіне, якая да таго ж вяла з Іракам цяжкую і кровапралітную вайну, сёньня прэса выступае супраць ваеннай апэрацыі. Аглядальнік Іранскага радыё камэнтуе антываенную дэманстрацыю ў Тэгеране: “Натуральна, што людзі ня будуць задавальняцца толькі дэманстрацыямі. Яны зробіць іншыя крокі, напрыклад, байкот амэрыканскіх тавараў. Іншымі словамі, у дадатак да палітычнага і прапагандысцкага ўдару па Амэрыцы, яны нанясуць эканамічны ўдар агрэсару... Народ Ірану, з пункту гледжаньня свайго веданьня амэрыканскай фанабэрыі, разумее гэтыя праблемы лепш за любую іншую нацыю. Іранскі народ падтрымлівае народ Іраку і заклапочаны ягоным бядотным становішчам”.

Кувэйтская “Аль-рэй Аль-ам” выказвае шкадаваньне, што антываенныя дэманстрацыі ў арабскім сьвеце пераўтварыліся ў падтрымку тыраніі: “Чаму ў ніводнай арабскай краіне на дэманстрацыю не запрасілі ніводнага ірацкага ўцекача? Нажаль, дэманстранты на Захадзе былі больш шчырыя і ўважлівыя. Тыя на Захадзе, хто супрацьстаіць вайне, заклапочаныя найперш чалавечым фактарам. Мы ня бачым сярод іх партрэтаў тырану. Арабскія дэманстранты, якія нясуць партрэты дыктатара, гэтым самым павялічваюць пакуты ірацкага народу, пакуты, якія былі не заўважаныя”.