У ВІЦЕБСКУ ВЫЙШАЎ ДВУХТОМНІК КНІГІ “ПАМЯЦЬ”, ПРАЦА НАД ЯКІМ ВЯЛАСЯ 14 ГАДОЎ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

У першых дзьвюх кнігах зьмешчаныя ў асноўным артыкулы гістарычнага пляну. Значную частку зь іх давялося пераапрацаваць нанова, бо ідэя выданьня кнігі “Памяць” была запачаткаваная яшчэ за савецкім часам ды мусіла адпавядаць пэўным ідэялягічным устаноўкам. Трэці том, прысьвечаны найноўшай гісторыі гораду, аўтарскі калектыў на чале з рэктарам Віцебскага дзяржаўнага універсітэту імя Машэрава Аркадзем Русецкім мяркуе выдаць яшчэ праз два гады – у траўні 2005-га году. Укладальніцкая праца ўжо завяршаецца, і праблема хіба ў тым, ці знойдуцца грошы на выданьне апошняга тому. Пра тое, што сродкі на гэта патрэбныя немалыя, сьведчыць і кошт першых двух тамоў – у кнігарні пакупнікам давядзецца аддаць за іх 16 тысяч беларускіх рублёў.