Вінцука Вячорку абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага ўладамі мітынгу на плошчы Якуба Коласа. Ні прагляд апэратыўнай відэастужкі, ні паказаньні сьведкаў не паўплывалі на рашэньне судзьдзі Руслана Казадаева. 10 сутак арышту Вінцук Вячорка правядзе ў камэры спэцпрыёмніка.
Сябра моладзевага руху “Зубр” Яўгена Афнагеля арыштавалі на 15 сутак. Ягоную паплечніцу Тацяну Ялавую арыштавалі на 5 сутак. Каардынатара руху “Зубр” у Барысаве Зьмітра Бародку, як і Ігара Віньнікава, Алега Корбана і Лявона Навіцкага, затрымалі за паўгадзіны да пачатку акцыі. Таму ў міліцыянтаў не было падставаў для складаньня пратаколаў за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі. Але яны знайшлі выйсьце — напісалі ў пратаколе, што Зьміцер і астатнія нібыта нецэнзурна лаяліся ў грамадзкім месцы. Хлопцаў судзілі судзьдзі Руслан Казадаеў, Аксана Рэлява і Натальля Скугарава паводле 156 артыкулу (дробнае хуліганства).
Падчас судовых працэсаў намесьнік начальніка Савецкага РУУС Яўген Гуранкоў загадаў затрымаць чатырох непаўнагадовых сяброў руху “Зубр”, якія стаялі на ганку суда. Хлопцаў завялі ў апорны пункт міліцыі і трымалі там тры гадзіны.
Спадару Гуранкову гэтага, відаць, падалося мала, і ён аддаў загад выцягнуць з аўтамабіля, на якім была бел-чырвона-белая налепка, кіроўцу. Міліцыянты адкрылі дзьверы аўтамабіля, выцягнулі чалавека і сталі яго зьбіваць. Гэта бачыў карэспандэнт БелаПАНу Аляксей Шэін. Ён паклікаў людзей з суду, каб дапамагчы чалавеку. Але міліцыянты яго ўжо запхнулі ў свой “варанок”.
Высьветлілася, што зьбілі сына Ўладзімера Кішкурны, які чакаў агалошваньня свайго прысуду ў калідоры. На 15 сутак арыштаваў судзьдзя Руслан Казадаеў 65-гадовага Ўладзімера Кішкурну.
Такім чынам, у камэрах спэцпрыёмніка стане на восем палітвязьняў болей. 20 чалавек, рэпрэсаваных за вулічныя акцыі, правядуць гэтую ноч у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.
Каардынатара руху “Зубр” Цімафея Дранчука пасьля ночы, праведзенай у камэры, хуткая дапамога прывезла ў аддзяленьне кардыялёгіі 3-га клінічнага шпіталю з прычыны падвышанага ціску.