МІЖНАРОДНАЯ СУПОЛЬНАСЬЦЬ ЗАКЛАПОЧАНАЯ МАГЧЫМАСЬЦЮ ГУМАНІТАРНАЙ КАТАСТРОФЫ Ў ІРАКУ

Чарльз Рэкнэгель, Кувэйт

Намаганьні даставіць гуманітарную дапамогу ў порт Ум-Каср на поўдні Іраку праз мора і праз сушу ўзмацняюцца. Места цяпер знаходзіцца ў бясьпецы пасьля заканчэньня трохдзённых баёў. Сёньня я правёў некалькі гадзінаў на мяжы паміж Кувэйтам і Іракам, зусім побач ад Ум-Касра, каб пабачыць, як ажыцьцяўляюцца пляны выкарыстаньня порту як галоўнага пункту разьмеркаваньня гуманітарнай дапамогі.

У траспартным руху на вуліцах Ум-Касра пераважаюць ваенныя калёны з брытанскімі вайскоўцамі – паведаміў далей Чарлз Рэкнагель. Аднак, паводле інфармацыі памежнікаў, вялікая колькасьць грузавікоў з гуманітарнай дапамогай, якую каардынуе ўрад Кувэйту, перасякла мяжу зь Іракам сёньня раніцай. Брытанскае судна “Сэр Галахед”, на борце якога знаходзіццца 300 тон харчу й вады, чакае на рэйдзе Ум-Касра. Чакаецца, што ён войдзе ў порт, як толькі будзе ясна, што ў яго акваторыі адсутнічаюць міны.

Сёньня ААН заклікала краіны-донары стварыць надзвычайны фонд дапамогі ў памеры 1 мільярду даляраў. Прадстаўнікі ААН асабліва занепакоеныя сытуацыяй ў паўднёвым горадзе Басра, дзе 60% жыхароў застаюцца без вады ад мінулай пятніцы. У Ум-Касры брытанскія інжынэры занятыя наладжваньнем вадаправоду даўжынёй тры кілямэтры, які будзе пампаваць пітную ваду з Кувэйту. Гаворыць сэржант каралеўскіх інжынэрных войскаў Тоні Блэк:

(Блэк: ) “Мы пачалі працаваць над праектам два дні таму, і мы скончым апоўначы 29-га, і спадзяюся, што падача вады пачнецца раніцай 30 сакавіка”.