У ВІЦЕБСКУ ЗАТРЫМАЛІ СЯБРОЎ АГП, ЯКІЯ ЗЛАДЗІЛІ ВІНШАВАЛЬНЫ ПІКЕТ НА ПРЫВАКЗАЛЬНАЙ ПЛОШЧЫ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Пікет на Прывакзальнай плошчы ў Віцебску быў вельмі маляўнічы, хаця й ня вельмі сьвяточны. Бо разам зь бел-чырвон-белымі сьцягамі пікетоўцы трымалі транспаранты са словамі ”Беларусь вартая лепшай долі!”, “Дзе зьніклыя палітыкі?” ды “Так жыць нельга”. Быў тут і плякат з адмысловым зваротам: “Лукашэнка! Досыць страшыць народ! Мы не рабы! Свабода, дэмакратыя ды незалежнасьць — вось нашыя каштоўнасьці!”

Вакол пікетоўцаў сабраўся немалы натоўп, таму міліцыянты, што пад’ехалі на машыне, мусілі спачатку загадаць гледачам разысьціся, каб мець магчымасьць затрымаць апазыцыянэраў. Затрыманых партыйцаў было васьмёра, а разам зь імі ў пастарунак трапіў хлопец з фотаапаратам. Які здымаў спачатку саму акцыю, а потым і працэс затрыманьня.

Далейшы лёс пікетоўцаў пакуль невядомы, але паводле словаў старшыні гарадзкой арганізацыі АГП Алены Залескай, гэтыя людзі меліся ўзяць удзел яшчэ й у вечаровых акцыях, заплянаваных прадстаўнікамі віцебскай апазыцыі. Мяркуецца, што ўдзел у іх возьмуць прадстаўнікі КХП БНФ, Партыі БНФ “Адраджэньне”, сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслава Шушкевіча ды іншых незалежных грамадзкіх утварэньняў.

Сёньня ўдзень адбылася таксама й акцыя, падрыхтаваная да ўгодкаў БНР аршанскімі апазацыянэрамі. У цэнтры Воршы зладзілі пікет тамтэйшыя сябры КХП БНФ. Акцыя прайшла без затрыманьняў, бо была санкцыянаванай. Яе наведалі некалькі соцень аршанцаў.