УЛАДЫ МАГІЛЁЎШЧЫНЫ АСУДЗІЛІ ВАЙНУ Ў ІРАКУ

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Мітынг-сход праходзіў у залі Магілёўскай абласной філярмоніі. Пераважная колькасьць удзельнікаў сходу — навучэнцы і вэтэраны. Акрамя прадстаўнікоў улады, лідэраў афіцыйных прафсаюзаў і БРСМ, у прэзыдыюм сходу былі запрошаныя праваслаўныя сьвятары.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз, які курыруе ў рэгіёне пытаньні ідэалёгіі, выступіў з дакладам аб унутрыпалітычным становішчы і зьнешніх сувязях ЗША і Іраку. Паводле меркаваньня Анатоля Глаза, Злучаныя Штаты вядуць у Іраку незаконную вайну з мэтай усталяваць кантроль над асноўным нафтаздабыўчым раёнам сьвету, у той час як ірацкі народ вядзе патрыятычнае супраціўленьне агрэсару.

Гэтыя высновы падтрымалі ўсе выступоўцы ад розных грамадзкіх арганізацыяў. Яны асудзілі вайну ў Іраку і пазыцыю ЗША.