ЦІ МОЖА ЛУКАШЭНКА ПРАПАНАВАЦЬ ІРАКУ І ЗША СВАЁ ПАСЯРЭДНІЦТВА?

Валер Каліноўскі, Менск

Новыя заявы адносна ірацкай вайны Аляксандар Лукашэнка зрабіў, прадстаўляючы ў МЗС Беларусi новага мiнiстра Сяргея Мартынава. Спадар Лукашэнка лічыць, што ў выпадку перамогі ЗША ня выключана, што амэрыканскае кіраўніцтва будзе ціснуць на іншыя краіны, якія не прымаюць іхныя стандарты. Асуджаючы ваенныя дзеяньні ў Іраку, зь іншага боку А.Лукашэнка заявіў, што Беларусь не павінна сябе паводзіць агрэсіўна адносна ні да аднаго з бакоў у канфлікце.

(Лукашэнка: ) “Мы рэалісты і разумеем, што ЗША сёньня — звышдзяржава, якая ў многім вызначае стан сусьветнай палітыкі й эканомікі, і Беларусь у сілу гэтага павінна знаходзіць з ЗША агульную мову, канечне ж, на прынцыповай аснове. Мы маглі бы дастаткова хутка нармалізаваць адносіны з ЗША, стаўшы ў агульны шыхт і перайшоўшы на на палітыку “Чаго пажадаеце?” Мы ня можам губляць уласнай годнасьці й павінны мець з Амэрыкай нармальныя адносіны, заснаваныя на ўзаемнай павазе і ўліку нашых інтарэсаў”.

Ацэньваючы першыя ахвяры вайны ў Іраку, ён зрабіў высновы, што ў ЗША “разгубіліся й пачынаюць прасiць Ірак, каб зь iхнымі палоннымі абыходзіліся па-людзку”, што “Ірак аказвае дастойны супраціў войскам кааліцыі, нягледзячы на састарэлую зброю”, ды заклікаў ЗША і Вялікабрытанію, “пакуль ня позна, шукаць дастойны выхад з сытуацыі”, і Беларусь тут “можа выканаць прынцыповую і значную ролю, каб “выруліць” зь цяперашняй сытуацыі”.

Якой канкрэтна можа быць роля Беларусі, спадар Лукашэнка не ўдакладніў. Ягоны прэсавы сакратар Натальля Пяткевіч адмовілася камэнтаваць, ці не йдзе гутарка пра спробы пасярэдніцтва. А ў МЗС Беларусі пацьвердзілі, што пэўныя дыпляматычныя крокі ўжо прапрацоўваюцца. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных паведаміў:

(Савіных: ) “Калі мы прымем рашэньне па гэтым пытаньні, пачнем рэалізацыю канкрэтных крокаў, тады мы вас будзем інфармаваць”.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што ніякага ўплыву ў міжнародных справах А.Лукашэнка ня мае, таму ўсе гэтыя патэнцыйныя крокі — марныя.

(Лябедзька: ) “Я думаю, што гэта проста палітычная хваравітасьць — ня больш таго. У Лукашэнкі няма мажлівасьці ўплываць на рэгіянальную палітыку, ня тое што глябальную. Дастаткова згадаць агучаную ім “вось” Менск–Масква–Пэкін–Дэлі, яна была агучаная і растыражаваная тут афіцыйнай прапагандай, але ні ў Пэкіне, ні нават у Маскве нават уяўленьня не меў аб так званай восі”.

Анатоль Лябедзька ўпэўнены, што кантакты паміж А.Лукашэнкам і Садамам Хусэйнам не даюць беларускаму лідэру магчымасьці ўплываць на ірацкую палітыку. Тым больш, што ЗША і Вялікабрытанія не разьлічваюць на дапамогу прадстаўніка шэрагу дыктатараў і аўтарытарных лідэраў.