У ГОМЕЛІ СКАНФІСКАВАЛІ ВІДЭАТЭХНІКУ НЕДЗЯРЖАЎНАГА ТВОРЧАГА ТАВАРЫСТВА “ЭФІР”

Казімер Яноўскі, Гомель

Ліст у суд з патрабаваньнем канфіскацыі лічбавай відэакамэры, відэамагнітафону, сканэра ды іншай тэхнікі на суму звыш 7,5 мільёнаў рублёў падаў рэгіянальны камітэт дзяржкантролю. Дзяржаўныя кантралёры сьцьвярджалі, што таварыства “Эфір” парушыла ўказ Лукашэнкі №40 — скарыстоўвала тэхніку, не атрымаўшы на яе дакумэнт пра дзяржаўную гігіенічную рэгістрацыю.

Адвакат Яўген Маліноўскі й дырэктар таварыства “Эфір” Аляксандар Шакала даказвалі ў судзе, што тэхніка ў выпуску тэлепраграмаў яшчэ не скарыстоўвалася. Частка апаратуры, перададзеная ў часовае карыстаньне беларускім прадстаўніцтвам IREX, ня мела відэакасэтаў. Сканэр і відэамагнітафон — наогул прыватныя рэчы дырэктара.

Да таго ж згаданая тэхніка адносіцца не да бытавой, а да прафэсійнай апаратуры й гігіенічнай рэгістрацыі не падлягае. Інакш трэба было бы сканфіскаваць ледзь ня ўсю такую тэхніку ў дзяржаўных тэлекампаніях.

Распавядае дырэктар адзінага ў горадзе недзяржаўнага тэлетаварыства “Эфір” Аляксандар Шакала:

(Шакала: ) “Абсталяваньне было набыта для выпуску мясцовых тэлепраграмаў. У прыватнасьці, гарадзкіх навінаў на тэлеканале “Нірэя”, якія робяцца разам і з аддзелам інфармацыі гарвыканкаму. Такім чынам гарадзкое недзяржаўнае тэлебачаньне “Нірэя” павіна было пашырацца. Я ведаю, што пацярпела, як і наша, недзяржаўная тэлекампанія ў Магілёве. На чарзе — іншыя гарады. Дзеля чаго і каму гэта патрэбна, пакуль незразумела”.