Чакалася, што ў выніку масавай прапаганды шмат ірацкіх вайскоўцаў пачнуць здавацца ў палон, але пакуль гэта ня спраўдзілася. Тое самае тычыцца і ўцекачоў. Пакуль што памежныя пункты цалкам функцыянуюць і прапускаюць невялікую колькасьць асоб, якія хочуць перайсьці мяжу зь Ярданіяй, напрыклад.
Што да першай рэакцыі ў ЗША, дык пакуль усё спакойна. Сёньня раніцай у Вашынгтоне адбылася нешматлікая дэманстрацыя – каля 15 чалавек. Пераважна студэнты на роварах ці пешшу перасяклі мост, які злучае штат Вірджынія і горад Вашынгтон. Гэта была мірная дэманстрацыя пратэсту. Паліцыя мусіла арыштаваць некалькі чалавек, якія выскоквалі на праезную частку. Транспарт у горад праз мост быў спынены на некалькі гадзін. Але пакуль гэта было адзінае паведамленьне пра падобнага роду падзею.
Выглядае, што Садам ня быў забіты ў першым раўндзе атак. Яго выступ у ірацкай тэлевізіі выглядае аўтэнтычнай жывой трансьляцыяй, паводле спэцыялістаў выведкі. Што да наступных крокаў Садама, дык іх цяжка прадказаць. Але тыя, хто вывучаў гісторыю Ірака і самога Садама, кажуць, што яго рэакцыя будзе вельмі падобная да рэакцыі, якую можна было б чакаць ад Сталіна. Дарэчы, Садам трымаў вялізную відэатэку пра савецкага тырана і капіяваў шмат у чым ягоны стыль. Чакаецца, што Садам можа пачаць зьнішчаць сваё найбліжэйшае атачэньне, а менавіта тых, каго западозраць у здрадзе ці залішняй мяккасьці. Таксама, як прагучэла ў выступе Садама Хусэйна ў тэлевізіі, ён паспрабуе пераўтварыць вайну ў “айчынную”, заклікаючы ўсіх арабаў абараніць арабскую нацыю ад няверных. Вядома, яго спадзяваньні будуць на падтрымку з боку ваяўніча настроеных арабскіх фундамэнталістаў.
Садам – майстра выжываньня. Ён ужо перажыў дзьве вайны – Іранскую і Кувэйцкую. Абедзьве прайграў, але застаўся ва ўладзе, і таму меў магчымасьць прадставіць іх ірацкаму народу як перамогі. Ён мае шмат двайнікоў, ніколі не начуе дзьве ночы запар у тым самым месцы, заўсёды мабільны і давярае толькі вельмі вузкаму колу людзей. Яго задачай будзе, відаць, манэўраваць як мага болей і разварушыць сындром пакутніцтва. Амэрыканцы чакаюць, што ірацкая тэлевізія і іншыя арабскія каналы будуць атрымліваць шмат матэрыялаў пра цывільныя страты і разбурэньні, і нават калі такіх будзе недастаткова, яны могуць быць штучна створаныя.