ПРАЎДА І ПАДМАН У НАРОДНАЙ СЬВЯДОМАСЬЦІ

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Праблема праўды і падману – адна з цэнтральных у чалавечым жыцьці. На гэтую тэму мудрацы і філёзафы спрачаюцца тысячагодзьдзямі, але канчаткова вызначыць — дабро гэта ці зло, так і не змаглі. І сапраўды, падман можа быць выкліканы эгаістычнымі памкненьнямі, і тады выклікае асуджэньне, а можа кіравацца спагадаю — і прызнавацца таму маральна апраўданым. Але як ні парадаксальна гэта гучыць, без падману чалавеку жыць немагчыма. Можа, і ўзьнік ён разам з чалавекам? Які адказ дае на гэта народная творчасьць?

“Даўней яшчэ людзі не былі такія хітрыя, як цяпер. Жылі яны проста, як Бог наказаў, ніхто нікога ня крыўдзіў, бо баяўся граху. Затым усім і добра было жыць на сьвеце. Толькі вось зьявіліся такія людзі, што захацелі забагацець, от і пачалі яны ашукваць ды падманваць. І нарэшце пайшло на сьвеце такое круцельства, што кожны другога падманвае ды толькі наровіць, каб яму было добра. Але трасца яму ў зубы, а не дабро, бо заўсёды знайдзецца яшчэ хітрэйшы, што і яго ашукае ды гарэй скрыўдзіць”.

(Тацяна Валодзіна: ) “І далей, і далей па ланцужку. Так і завёўся падман на сьвеце. Падман як сродак абароны і рэалізацыі інтарэсаў — як асобы, гэтак і групы, клясы і нават дзяржавы. Падман як супярэчлівы, шматплянавы, страшэнна заблытаны псыхалягічны фэномэн”.

(Ракіцкі: ) “Мая госьця — этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Сёньня ў нас і пойдзе размова пра тое, каго і навошта падманвалі беларусы ў розныя часы? Хто навучыў іх падманваць? Хто мог ашукаць чалавека, акрамя яго суседзяў ды пана?”

(Валодзіна: ) “Фальклёр захаваў уяўленьні пра спэцыфічны від падману, які зыходзіць ад нячыстай сілы, перадусім, чорта, лесавіка ці нават спэцыяльнага дэмана — Блуда. І заключаецца гэта ў тым, што пры сустрэчы з такімі істотамі чалавек губляе арыентацыю, ня можа знайсьці дарогу ды вяртаецца ў зыходную кропку.

Нячыстая сіла ня проста зьбівае з дарогі, але і спрытна грае на чалавечых слабасьцях: то пакажацца кавалачкам золата, ягняткам, ці запрапануе зазірнуць у шынок ды перакінуцца ў карты. Закаханаму хлопцу, што пакутуе ў расстаньні, зьяўляецца ў выглядзе любай дзяўчыны. Чорт любіць і бяскрыўдна падмануць даверлівага падарожнага: на ранак яго падарункі ператвараюцца ў грудкі сьнегу, шышкі, конскі гной ці чарапкі”.

(Ракіцкі: ) “Ці ня можам мы таму думаць, што падман і выдумаў чорт? А можа, на чорта толькі пераносіліся чалавечыя рысы і люстраваў ён нашыя дзеі?”

(Валодзіна: ) “Справядліва і першае, і другое. І гіпотэза пра вобраз чорта як адбітак чалавечага прадоньня мае шмат падставаў. Але, зыходзячы з таго, што першапачаткова падман як працэс і вынік — гэта падмена рэальнага, праўдзівага стану рэчаў, нейкая ўяўнасьць, якія пад сілу толькі нячыстаму, можна меркаваць, што дэман і быў першым і асноўным суб’ектам падману.

Гэтыя яго здольнасьці перанялі найбліжэйшыя спадкаемцы чорта — ведзьмы і чараўнікі. Найперш дзеля падману чалавека і скарыстоўвалі яны розныя чарадзейскія штучкі, прыкладам, абыходзілі вакол чалавека зь якімсьці незвычайным прадметам. А ўжо ў чараўнікоў перанялі злодзеі.

“Кажуць, што разбойнікі ўмеюць усяляк чараваць: запаліць сьвечку з тлустасьці чалавечай ды абнясе ёю або адцятаю рукою мярца, — то чалавек тады так засьне, што каб і рэзаў, то не прачхнецца”.

(Ракіцкі: ) “Як вынікае з павер’яў, каб чалавека падмануць, яго трэба абысьці ці аб’ехаць…”

(Валодзіна: ) “Так, заключыць у кола, што наагул ёсьць дзейсным спосабам падпарадкаваць. Відаць, таму і кажуць — “абысьці”, што значыць падмануць, ці “па крывай не аб’едзеш” – не перахітрыш. Цікава яшчэ, што ў традыцыі да заключэньня ў своеасаблівае кола раўнавалася апрананьне чалавека. І тады нячысьцік авалодваў, падманваў ахвяру, зьмясьціўшы яе ў закрытую прастору, абмежаваную галаўным уборам і абуткам.

У нас запісваюцца легенды пра гэтак званыя камяні-краўцы альбо камяні-шаўцы, у якіх жыве зьмей, што за грошы шые людзям вопратку. Вырабы, праўда, атрымліваліся “чартоўскія”: “дык ён вышыець, што і на сьвеце так добра ніхто не пашыець, як ён”. Але на просьбу: “сшый ні тое, ні сёе”, тое і атрымлівалі — рубашку з адным рукавом з пляча, а другім са сьпіны”.

(Ракіцкі: ) “І сёньня мы часта кажам: вось нас “абулі”, ці нават “абулі ў чортавы лапці” — падманулі. І як жа чорт “абуваў” даверлівых спадароў?”

(Валодзіна: ) “Шыў для іх чартоўскія боты:

“Усякаму, каму трэба былі боты, варта было падысьці пад акенца ў камяні, назначыць час і пакласьці грошы, і абутак быў гатовы ў свой час. Боты былі цудадзейныя, іх можна было насіць пятнаццаць гадоў і чым часьцей бываць на ігрышчах, тым лепш, але толькі з умоваю не хадзіць у царкву, там яны адразу распадаліся на дробныя кавалкі. Але ж у карчму такія боты несьлі проста самі”.

Як бачым, чорт і на самой справе пляце для чалавека лапці (а мы і так кажам: “Што ты пляцеш?”), з дапамогаю якіх ён падманвае чалавека і зацьвярджае сваю над ім уладу, надзяляе тымі ці іншымі рысамі. І тады ўжо пра заўзятага падманшчыка мы скажам: “Чмут-беламут, у чортавы лапці абут”.

(Ракіцкі: ) “Усё гэта падводзіць да думкі пра адпачатковую злучанасьць ідэі падману з дэманічным сьветам. А ці мог чалавек падмануць, скажам, Бога?”

(Валодзіна: ) “Спрабаваў. Але легенды паказваюць, што з гэтага выйшла. У адной зь іх зязюля была калісьці жанчынаю, мела мужа, але захацела іншага. Вырашыўшы падмануць Бога, схавала мужа пад мост і пайшла прасіць сабе новага. Аднак Бог здагадаўся і другога ня даў, а загадаў ляцець птушкаю ды шукаць першага. З таго часу і па-сёньняшні дзень крычыць яна: “Я-куб, Я-куб!”

(Ракіцкі: ) “Зразумела, у фальклёры падманваюць адзін аднаго і сяляне, і паны, і чэрці. І з рознымі мэтамі”.

(Валодзіна: ) “У тым ліку і з магічнымі. Гэты так званы магічны падман таксама меркаваў суразмоўцу, але ім мог быць і зьвер, і дэман, і нават хмара альбо расьліна. У традыцыйным разуменьні чалавек – такая ж часьцінка Сусьвету, як іншыя яго складнікі й насельнікі. І з кожным партнэрам чалавек уступаў у кантакт і чакаў адказу. І падманваў таксама, як гэта рабілі асобныя сялянкі:

“Прыдзе баба сеяць лён і паскідае зь сябе андарак ды сарочку. Стаіць голая, каб лён падмануць: Во якая я гаротная. І чакае, што лён пашкадуе яе і падумае: “Гэта баба бедная, у яе нават сподняй кашулі няма, трэба яе пашкадаваць і лепш зарадзіць”.

(Ракіцкі: ) “Калі лён такі даверлівы, то нячыстыя духі па сваёй сутнасьці хітрыя. Ці можна падмануць, скажам, дэмана хваробы?”

(Валодзіна: ) “Можна, наагул, падман хваробы лічыўся адным зь дзейсных сродкаў мэдычнай магіі. Пасьля таго, як ліхаманка перастае калаціць чалавека, зачынялі ўсе вокны ў хаце, забівалі хаця б дзеля выгляду дзьверы, прыклейвалі ўсюды таблічкі з надпісам: “Яго няма дома, паехаў” і пакідалі так прыблізна на тыдзень. Верылі, ліхаманка паблукае па двары, паглядзіць на таблічкі й пакіне хворага ў спакоі”.

(Ракіцкі: ) “Дык, можа, і сьмерць тады можна падмануць?”

(Валодзіна: ) “Імкнуліся хаця б паспрабаваць гэта. Шырока вядомы казачны сюжэт пра чалавека, што падманваў сьмерць, круціўшы свой ложак у розныя бакі. У народнай мэдыцыне, калі цяжка хварэла дзіця, рабіліся наступныя захады:

“Як толькі пачнецца прыпадак, усе ў хаце прымаюць урачыстую цішыню, кожны застаецца нерухомым на тым месцы, дзе яго патрапіў загад маці хворага, якая адразу ж накрывае дзіця белым пакрывалам і трымае над ім запаленую грамнічную сьвечку, курыць ладанам ці смалою. Карацей, ствараюцца такія абставіны, што хто прышлы падумаў бы, што ў хаце нехта памёр. Гэта ж падумае і тая сьмерць, што была пасланая за дзіцем, і не зачэпіць яго”.

(Ракіцкі: ) “Відаць, уяўленьні пра падман адрозныя і ў суседніх культурах. Жыцьцёвыя назіраньні — справа суб’ектыўная. Ці ёсьць паказьнікі болей рэальныя?”

(Валодзіна: ) “На думку навукоўцаў, асновай перакананьня заходняй культуры ў недапушчальнасьці хлусьні ёсьць уяўленьне пра тое, што падман парушае правы чалавека. Гэта асабліва наглядна, калі зьвярнуцца да тлумачальных слоўнікаў. У слоўніках, прыкладам, ангельскай мовы пры вызначэньні падману прысутнічае паказчык на тую асобу, якую падманваюць, падкрэсьліваецца, што гэта гвалт над ёю.

У расейскіх дэфініцыях хлусьня, як правіла, разглядваецца толькі як амаральны ўчынак падманшчыка. Прыкладна тое і ў нас. Але прыказкі тыпу “Не любо, не слушай, а врать не мешай!”; “Врать не устать, было б кому слушать”; “Не хочешь слушать, как люди врут, — ври сам!” і іншыя дазваляюць меркаваць, што ў расейскай самасьвядомасьці падман прадстаўлены ў большай ступені, чымсьці ў некаторых іншых народаў”.

(Ракіцкі: ) “Хлусьня і падман не існавалі б у нашым жыцьці, калі б былі шкоднымі самі па сабе й прыносілі толькі няшчасьці. Зь іншага боку, цяжка ўявіць, якім быў бы сьвет, калі б чалавек ня ўмеў падмануць. Таму ўсьлед за псыхолягамі хочацца думаць, што асноўнае прызначэньне падману — ахоўнае, бо дазваляе не параніць праўдай. Яго сэнс — захаваць, зьберагчы і даць веру”.

(Валодзіна: ) “Атам можа быць мірным, а можа разбураць. Меч выступае сымбалем абароненасьці й у той жа час зброяй злачынцы. І падман укладваецца ў гэты лягічны шэраг. Ну, а чым ён стане — інструмэнтам дабра альбо зла, вырашаць толькі нам самім”.