Нагадаем, што Беларусь далучылася да Дамовы аб калектыўнай бяспецы ў 1992 годзе, нягледзячы на рашучыя пратэсты апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Тагачасны сьпікер парлямэнту Станіслаў Шушкевіч таксама выступаў супраць гэтай дамовы і нават меркаваў вынесьці пытаньне на рэфэрэндум, аднак пад ціскам праўрадавай парлямэнцкай большасьці быў вымушаны падпісаць дамову. Актыўным прыхільнікам уваходжаньня Беларусі ў сыстэму калектыўнай бясьпекі СНД быў тагачасны старшыня парлямэнцкай камісіі нацыянальнай бясьпекі Мечыслаў Грыб.
На заўтрашняй сустрэчы ў Маскве, як паведамляе маскоўская газэта “Известия”, мяркуецца перааформіць Дамову ў палітычную арганізацыю. Паводле словаў намесьніка сакратара Рады бясьпекі Расеі Алега Чарнова, мяркуецца ўніфікаваць заканадаўчыя акты краінаў-удзельніцаў, што, на ягонуюдумку, спросьціць набыцьцё вайсковай тэхнікі (якая пераважна вырабляецца ў Расеі). Маскоўскае выданьне паведамляе, што расейская Рада бясьпекі пераканала цэнтральнаазіяцкія дзяржавы не падтрымліваць ЗША ў справе вайсковай апэрацыі ў Іраку.
Гэтай тэме мы маем намер прысьвяціць адмысловую экспэртную праграму, пакуль жа адзначым, што цяпер як мінімум адна краіна-ўзельніца Дамовы – Расея – вядзе баявыя дзеяньні ў Чачэніі і расцэньвае канфлікт у Чачэніі як пагрозу ўласнай бясьпецы. Пры пераўтварэньні Дамовы паводле прапанаванай мадэлі і астатнія краіны-ўдзельніцы павінны будуць менавіта такім чынам разглядаць чачэнскі канфлікт.