КАНФЛІКТ ВАКОЛ ІРАКУ: НА ЧЫІМ БАКУ СЫМПАТЫІ МЕНЧУКОЎ?

Галіна Абакунчык, Менск

Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў супадалі ў тым, што тычыцца стаўленьня да вайны: усе яны выказваліся за тое, каб міжнародныя спрэчкі вырашаліся мірным шляхам. А сымпатыі адносна палітыкі Іраку й ЗША адрозьніваліся. Многія лічаць паводзіны ЗША й іх саюзьнікаў неапраўданымі.

(Спадар: ) “Злучаныя Штаты ні ў якім разе не павінныя даказваць сваю правату сілаю, і ўсё гэта можна вырашыць дыпляматычным шляхам”.

(Спадар: ) “У кожнага з бакоў свая праўда. Але з пазыцыі сілы канфлікт ня можна вырашыць”.

(Спадар: ) “Праўда, у гэтым канфлікце за Іракам таму, што Буш ірвецца не да праўды, а да нафты. Калі б ня нафта, то гэты Ірак яму сто гадоў ня быў бы патрэбны”.

(Спадар: ) “Гэта ўсё павінна вырашацца мірным шляхам. Калі хто ў Іраку вінаваты, то ад гэтага не павінныя цярпець усе людзі”.

(Карэспандэнтка: ) “На чыім баку вашыя сымпатыі?”

(Спадарыня: ) “На баку пацярпелых. Пацярпелых пакуль няма, але, пэўна, будзе Ірак, тады на баку Іраку”.

(Спадар: ) “ЗША спрабуе нанесьці па Іраку ўдар, і я лічу, што гэта няправільны выбар”.

(Спадар: ) “Якія бы паводзіны Іраку ні былі, ЗША павінныя дзейнічаць толькі зь ведама ААН”.

Многія, аднак, выказваліся таксама супраць дыктатарскага рэжыму Садама Хусэйна.

(Спадарыня: ) “Раней мне думалася, што Ірак — ахвяра. Але кіраўніцтва Іраку вельмі жорсткае ў адносінах да свайго народу. Таму ня ўсё так проста, як падаецца на першы погляд”.

(Спадар: ) “Садам Хусэйн як лідэр мне не падабаецца, але канфлікт трэба вырашаць дыпляматычным шляхам”.

(Спадар: ) “Я на баку тых, хто першы нападзе. Гэта ЗША”.

(Спадарыня: ) “Ірак сябе паводзіць ня так, як патрабуюць цывілізаваныя краіны. Амэрыка таксама паводзіць сябе неяк настойліва. Можна нават сказаць і грубей. Можа гэта так і трэба, яны ж наймацнейшыя ў сьвеце”.

(Спадар: ) “Я не жадаю вайны — можа, якія эканамічныя меры. Але я не падтрымліваю Садама Хусэйна”.

(Спадар: ) “Я лічу, што за Амэрыкай гэтая праўда. Бо мы ж ня ведаем усёй праўды, якую нам даносяць па тэлебачаньні. Мы ведаем толькі меркаваньні расейскага, ірацкага боку, яшчэ некаторых. А вось падрабязнасьці будуць больш страшныя. І каб мы ведалі больш пра Ірак, то мы інакш меркавалі бы”.

Гэткія выказваньні менчукоў пра магчымую ваенную апэрацыю супраць ірацкага рэжыму.