Чытачы ня могуць выпісаць газэту з пачатку красавіка. Яе дагэтуль не занесьлі ў падпісны каталёг. Заснавальніку выданьня Рамуальду Ўлану паведамілі ў абласной пошце, што пакуль не дае згоды Марыя Бірукова з аблвыканкаму — абласны ідэалягічны начальнік.
Гэта прымушае рэдакцыю ствараць у вёсках сваю сыстэму падпіскі. У горадзе яна ўжо існуе. Але дзьве траціны чытачоў дагэтуль рабілі падпіску ўсё адно на дзяржаўнай пошце.
У райвыканкаме называюць “Новую газету Сморгони” “баявым лістком”, хаця гэта нармальнае аб’ёмнае выданьне. Перашкоды яму ствараюць то мясцовая міліцыя, то пракуратура, то пошта. Праўда, старшыня райвыканкаму Станіслаў Юргель гаворыць, што ўлада ня мае дачыненьня да перасьледу газэты.
(Юргель: ) “Я сёньня выканаўца, разумееце, а не якаясьці юрыдычная кансультацыя, ні суд і ні пракуратура. Ад мяне толькі залежыць, што дом сёньня руйнуецца, дах працякае. Вось я чым займаюся. Газ трэба правесьці. У мяне праблемы глябальныя, а не такія дробязі”.
Дагэтуль “Новая газета Сморгони” давала ў раённы бюджэт 17 мільёнаў рублёў штомесяц. Тым часам мясцовая дзяржаўная газэта вымагае 54 мільёны рублёў датацыяў. Можна было б утрымліваць яе за кошт незалежнай газэты. Аднак старшыня райвыканкаму не падзяляе такі пункт гледжаньня.