У МАГІЛЁВЕ ПРАЦЯГВАЕЦЦА СТЫХІЙНАЯ АКЦЫЯ “ЗАХАВАЕМ БІБЛІЯТЭКУ РАЗАМ!”

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Загадчыца ўправы культуры Магілёва Антаніна Шаркова ад імя ўлады растлумачыла сутнасьць рэарганізацыі цэнтральнай гарадзкой бібліятэкі.

(Шаркова: ) “Прадаць цяперашняе памяшканьне, займанае бібліятэкай імя Карла Маркса. А грошы ад продажу накіраваць на ўмацаваньне матэрыяльнай базы ўсіх бібліятэкаў у горадзе”.

Паводле Антаніны Шарковай, прапанова ўлады, якая выклікала пратэст у магіляўчан, на самой справе зьяўляецца клопатам аб мадэрнізацыі бібліятэчнай сеткі.

(Шаркова: ) “Бібліятэкі й абсталяваныя павінны быць па-іншаму, і працаваць па-іншаму. І літаратура, і кампутары, і ўсё павінна працаваць на сучасным узроўні”.

Цяперашняе памяшканьне бібліятэкі імя Карла Маркса — у самым цэнтры гораду, вельмі зручнае для чытачоў — гарадзкія ўлады прапануюць выставіць на аўкцыён. Гэта вельмі выгаднае месца для камэрцыі.

Кіраўніцтва бібліятэкі лічыць, што расфармаваньне аддзелаў, расьцягваньне фонду фактычна азначае зьнішчэньне. Пацерпяць ад гэтага не супрацоўнікі, якім гарантавалі захаваньне месца працы, а чытачы. Бібліятэку наведвае ў год каля 20 тысяч чалавек. Гаворыць загадчыца арганізацыйна-мэтадычнага аддзелу Надзея Краўцова:

(Краўцова: ) “Наша бібліятэка — народная, самая народная. Пакуль бясплатная. І чытае тут просты народ — рабочыя, служачыя, да 60 адсоткаў — студэнты і навучэнцы. Таму яны і выступілі ў нашую абарону”.

Чытачы бібліятэкі не хаваюць свайго абурэньня.

(Спадар: ) “Самая старэйшая бібліятэка — і як гэта так? Гэта, выбачайце, бацюшкі мае, самае натуральнае бяспраўе”.

(Спадарыня: ) “Трэба пытацца спачатку ў народу, а потым ужо вырашаць пра закрыцьцё бібліятэкі. Таму што бібліятэка патрэбная!”

Зараз пакуль дакладна невядома, што ж будзе зь бібліятэкай імя Карла Маркса і ці будзе ёй прапанаванае іншае памяшканьне. Управа культуры мяркуе над тым, як захаваць бібліятэку як адзіную структуру. А вось чытачы бібліятэкі, пэнсіянэры сёньня заявілі загадчыцы чытальнай залі Алене Кандраценцы, што гатовыя абараняць ачаг культуры сваімі сіламі.

(Кандраценка: ) “Пэнсіянэры нашыя сказалі, што як толькі прыедуць высяляць нашую бібліятэку, дык, маўляў, выклікайце нас: мы прыедзем і пакладземся штабэлямі, каб не дапусьціць разрабаваньня і расьцягваньня бібліятэкі!”