Апошнія гады магчымасьць асабіста задаць пытаньне Аляксандру Лукашэнку маюць толькі журналісты дзяржаўных СМІ альбо з так званага “прэзыдэнцкага пула” — абмежаванага кола журналістаў, якім улада давярае. Журналістаў Радыё Свабода і незалежных газэтаў звычайна на сустрэчы з удзелам А.Лукашэнкі не акрэдытоўваюць.
Таму я і паспрабаваў выкарыстаць магчымасьць простай тэлефонай лініі газэтаў “Советская Белоруссия” і “Комсомольская правда”, каб задаць актуальнае сёньня пытаньне: “Ці гатовы Аляксандар Лукашэнка даць прытулак ірацкаму кіраўніку Садаму Хусэйну, які атрымаў ультыматум прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша з патрабаваньнем у наступныя дні пакінуць Ірак?”
Аднак перад ахвотнымі паўдзельнічаць у простай лініі з А.Лукашэнкам паўставала некалькі бар’ераў. Па-першае, шматканальная тэлефонная лінія была ўвесь час занятая. Датэлефанавацца ўдалося толькі за цэлую гадзіну бесьперапыннага націсканьня кнопак. Па-другое, трэба было пераканаць апэратараў, што пытаньне вартае адказу А.Лукашэнкі.
У прыватнасьці “апэратарка”, якая падняла слухаўку, калі датэлефанаваўся я, спачатку запісала пытаньне, потым папрасіла назваць сваё імя і знайшла нагоду, каб адмовіць у праве задаць гэтае пытаньне А.Лукашэнку:
(Апэратар: ) “А я апэратар, увогуле журналістам мы не даем слова…”
І “апэратар” адключыла тэлефон.
Пазьней, пасьля дзьвюхгадзіннай наўпростай лініі, супрацоўнікі газэтаў “Советская Белоруссия” і “Комсомольская праўда” пацьвердзілі, што ў іх было заданьне фільтраваць усе пытаньні. Што адказваў А.Лукашэнка чытачам, якія пераадолелі ўсе бар’еры ягоных памочнікаў, газэты апублікуюць у чацьвер-пятніцу.
Беларускае тэлебачаньне пасьля заканчэньня простай лініі паведаміла, што многія пытаньні “мелі канкрэтны характар” і падало прыклад размовы А.Лукашэнкі з Надзеяй Савіцкай зь вёскі Сянкевічы Лунінецкага раёну, якая выхоўвае унукаў-сіротаў, яна прасіла дапамогі ў набыцьці асобнага дома. Аляксандар Лукашэнка паабяцаў ёй дапамагчы.
Простая лінія А.Лукашэнкі з чытачамі насіла выразна прапагандысцкі характар, упэўнены вядомы беларускі журналіст Аляксандар Класкоўскі.
(Класкоўскі: ) “Мне здаецца, што штучнасьць гэтай акцыі асабліва бачная, бо ня так даўно, некалькі тыдняў таму, У.Пуцін праводзіў падобную акцыю. Але там усё было на экране, з выкарыстаньнем электронных тэхналёгіяў, і натуральна, пры тым, што прысутнічаў момант рэжысуры, гэта непазьбежна і было б дзіўна, каб каманда не працавала ў гэтым кірунку, але ўсё ж было бачна, што У.Пуцін наўпрост кантактуе з аўдыторыяй, быў бачны жывы чалавек, які адказвае на сапраўды вострыя актуальныя пытаньні. У дадзеным выпадку, мне падаецца, што вось штучнасьць цяперашняга сцэнара бачная няўзброеным вокам”.