Намесьніка старшыні БНФ Юрыя Хадыку затрымалі раніцай 17 сакавіка ў двары дома, калі ён выгульваў сабаку. У двор заехаў аўтамабіль, зь яго выйшаў чалавек у цывільным і прапанаваў спадару Хадыку паехаць разам зь ім у міліцыю. Пачуўшы адмоўны адказ, выклікаў патрульную машыну. Туды запхнулі Юрыя Хадыку, нават не дазволіўшы яму папярэдзіць сям’ю.
Юры Хадыка распавёў Радыё Свабода, як зь ім абыходзіліся ў дзяжурнай частцы міліцыі:
(Хадыка: ) “Там яшчэ й пасадзілі ў карцар. Там было вельмі халодна. Я ж ведаю, што яны не апрануць на мяне сваі кіцелі. Потым мне дазволілі патэлефанаваць дахаты. Жонка прынесла мне вопратку. А там нейкі сасунок, старшы лейтэнант… Я падышоў і папрасіў яго даць мне магчымасьць узяць свае рэчы. А ён мне: “Успеешь!” Ну, тут я не ўстрымаўся і сказаў яму, што ён сапляк. Дык ён тады мяне пасадзіў у карцар на халодныя каменныя лавы. Я там сядзеў, пакуль не прыйшла яго зьмена. Прыйшоў міліцыянт, больш прыстойны чалавек і адразу ж перадаў мне адзеньне. Па праўдзе кажучы, ня так часта сутыкаесься з такімі хамскімі паводзінамі”.
Юры Хадыка лічыць, што затрыманьні ёсьць запалохваньнем перад буйнымі веснавымі акцыямі апазыцыі.
У судзе высьветлілася, што міліцыянты няправільна склалі адміністрацыйны пратакол. Трэба было ўказаць частку другую сумнавядомага 167 артыкула, а ня першую, бо паўгоду таму Юры Хадыка ўжо быў пакараны ў Горадні за несанкцыянаванае шэсьце. За гэта прадугледжанае больш жорсткае пакараньне — вялікі штраф, альбо арышт ад 10 да 15 сутак.
Судзьдзя Руслан Казадаеў накіраваў пратакол у міліцыю на дапрацоўку. Міліцыянты спачатку прапанавалі Юрыю Хадыку паехаць разам зь імі, але той не пагадзіўся і папрасіў даць яму позву ў суд. Невядома зь якіх прычынаў міліцыянты пазначылі ў позьве час, які ўжо мінуў — 12 гадзінаў. Юры Хадыка вырашыў, што паколькі а 12-й гадзіне ён у судзе ўжо быў, то можа ісьці дахаты.