Гэтае рашэньне расейскіх уладаў не было ўзгодненае зь Беларусьсю, хаця фармальна існуе адзіная мытная прастора дзьвюх краінаў. У беларускім Нацбанку зазначаюць, што Масква ўжо другі раз сама стварае складанасьці для сваіх грамадзянаў на межах Беларусі з трэцімі краінамі. Некалькі гадоў таму Расея падвысіла недэкляраваны мінімум для вывазу валюты да 1500 даляраў, не ўзгадніўшы гэта зь Беларусьсю, дзе тады дзейнічала норма 500 даляраў.
Былы старшыня ўправы Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што Масква ніколі ня будзе раіцца зь Менскам у такіх пытаньнях:
(Багданкевіч: ) “Я думаю, што так будзе заўсёды, таму што дзяржава, на якую падае 95% нацыянальнага прадукту, ня будзе лічыцца зь дзяржавай, на якую падае 5% нацыянальнага прадукту. Згодна з дамовай, яны мусілі зь Беларусьсю раіцца. Але ж яны ня раяцца!”
Каб зноў не было канфіскацыяў лішніх грошай у расейцаў, якія едуць транзытам празь беларускую тэрыторыю, Нацыянальны банк Беларусі ў пятніцу, за дзень да пачатку дзеяньня новых расейскіх правілаў, прыняў пастанову пра ўніфікацыю нормаў. Цяпер зь Беларусі можна таксама вывозіць 3 тысячы даляраў без дэкляраваньня й 10 тысяч бяз банкаўскіх дакумэнтаў. Але кіраўнік управы інфармацыі Нацбанку Анатоль Драздоў заяўляе:
(Драздоў: ) “Мы тут у Нацыянальным банку не зь вялікай радасьцю йшлі на гэтае рашэньне, таму што ёсьць у нас з Расеяй крыху розныя погляды на гэтую праблему. У прыватнасьці, нас увогуле зьдзіўляе падвышэньне гэтай планкі. Калі ўлічыць, што сярэдні заробак расейца 140 даляраў, дык 10 тысяч даляраў — гэта ягоны заробак за 6 гадоў. Пытаньне: для каго прымалі гэты закон? Але — жывем у саюзнай дзяржаве, уніфікаваць правілы трэба, таму й вырашылі не ствараць праблемаў расейскім грамадзянам”.
Анатоль Драздоў дадаў, што новыя нормы паўплываюць на разьвіцьцё ценевага рынку. 10 тысяч даляраў — гэта стандартная сума для вывазу грошай за мяжу “чаўнакамі”, якія купляюць там тавары. Раней былі патрэбныя даведкі пра паходжаньне валюты, што дазваляла адсочваць грашовыя працэсы. Спадар Драздоў кажа, што можна было даведацца, колькі грошай і хто вывозіць. За тры кварталы летась зь Беларусі вывезьлі 427 мільёнаў даляраў, зь іх турысты толькі 72 мільёны, а “чаўнакі” — каля 250 мільёнаў. Цяпер такой статыстыкі ня будзе, скардзяцца ў Нацбанку.
Але Дзяржаўны мытны камітэт заяўляе, што любы мытнік на беларускай мяжы ўсё адно зможа запатрабаваць ад грамадзяніна запоўніць дэклярацыю на вываз валюты — нават калі яе сума меншая за 3 тысячы даляраў. Гаворыць прэсавая сакратарка Дзяржаўнага мытнага камітэту Алена Халікава:
(Халікава: ) “Нормы вывазу валюты ўсталёўвае Нацыянальны банк, а мы вызначаем парадак дэкляраваньня валюты, якая вывозіцца. Мы ж маем форму дэкляраваньня як вусную, гэтак і пісьмовую. Да 3 тысяч даляраў — гэта вусная форма. Але нават у гэтым выпадку мытнік, калі ў яго ўзьнікнуць сумневы, можа запатрабаваць запоўніць дэклярацыю. Няўжо так цяжка запоўніць дэклярацыю ў цэлым?”
Спадарыня Халікава паведаміла, што цягам выходных і панядзелка — за першыя тры дні дзеяньня новых нормаў вывазу валюты — на беларускіх межах не было зафіксавана ніякіх інцыдэнтаў у зьвязку з гэтым.