15 САКАВІКА — ДЗЕНЬ КАНСТЫТУЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСІ

Ганна Соусь, Менск

15 cакавіка 1994 году Вярхоўны Савет Беларусі прыняў новую Канстытуцыю Беларусі. Праз два гады праз рэфэрэндум 1996 году ў дзейную Канстытуцыю былі ўнесеныя зьмены, згодна зь якімі Аляксандар Лукашэнка атрымаў шмат новых паўнамоцтваў і працягнуў свой прэзыдэнцкі тэрмін больш як на два гады.

Ці выконваецца Канстытуцыя ў Беларусі? Ці гарантуюцца грамадзянам замацаваныя ёй правы: на годнае жыццё, на працу, на бясплатную ахову здароўя і адукацыю? Людзі адказвалі на гэтыя пытаньні наступным чынам:

(Спадар: ) “Ёсьць такія дзьве рэчы — дэ-факта й дэ-юрэ. Адная справа — усё абвесьціць, а другая — выконваць і сачыць за тым, як гэта выконваецца. Што шмат у нас прыкладаў, калі гэта ўсё выконваецца? На жаль, бачна, што нічога не выконваецца. Толькі дэкляравана. Я лічу, што ня дзейнічае”.

(Другі спадар: ) “Вельмі дзіўнае пытаньне. Пра гэта ўжо столькі казалі… Я лічу, што Канстытуцыя ня дзейнічае”.

(Спадарыня: ) “Права на працу не выконваецца ў поўнай меры. Права на адукацыю пакуль яшчэ дзейнічае. Права на мэдычнае абслугоўваньне ў нас як? Платная ці бясплатная мэдыцына?.. Розная…”

(Другая спадарыня: ) “У сучасным жыцьці платных мэдычных паслугаў больш. Безумоўна, калі чалавек ідзе ў платную паліклініку, то на 80% гарантавана, што ўсё будзе добра. А калі ён ідзе ў бясплатную паліклініку, то нельга нічога гарантаваць”.

(Спадар: ) “Пэнсіянэры ня могуць хадзіць у платныя мэдычныя ўстановы ці, прыкладам, да дантыста. А каронку памяняць — гэта 10–15 даляраў. Дзе яны возьмуць грошы?”

(Спадарыня: ) “Я да гэтай Канстытуцыі ня маю ніякага дачыненьня. Я жыву так, каб не ісьці ні ў які райвыканкам ці іншыя дзяржаўныя ўстановы, таму што ніхто нікому нічога добрага ў гэтых установах ня зробіць”.

(Спадар: ) “Сёньня раніцай я слухаў па радыё перадачу пра нашу Канстытуцыю, але гэта была перадача афіцыйнага кшталту. Там казалі, што нашая беларуская Канстытуцыя зробленая, напісаная так, што кожны чалавек мае ўсе правы, акрамя сваіх абавязкаў. Але я ня згодны з гэтым. Наша Канстытуцыя, можа, яна напісана й добра, але ў гэтай перадачы была такая агаворка, што ўсё залежыць ад нашага кіраўніцтва. Я бы не сказаў, што Канстытуцыя гарантуе нам свабоду, роўнасьць і братэрства. Толькі ў нейкай малой ступені…”