“ПРЫДУМАЛІ НОВЫ ДЭКРЭТ ЗА ТРЫ ДНІ І ВЫРАШЫЛІ ЎЗЯЦЬ ГРОШЫ ЗАДНІМ ЧЫСЛОМ”

Натальля Раковіч, Менск

Сумы, якія індывідуальныя прадпрымальнікі вінныя пэнсійнаму фонду, даволі значныя. Адзін з такіх бізнэсоўцаў распавядаў, што яму прыйшоў квіток на выплату пад 200 тысяч рублёў — за ўсе месяцы дзеяньня дэкрэту №18 да прыняцьця дэкрэту №3, які замацаваў зьмены ў папярэдні дакумэнт. Ды яшчэ прадстаўнікі фонду сацыяльнай абароны пагражаюць штрафам, бо не зарэгістраваўся ў якасьці платніка сацыяльных унёскаў. Што яму рабіць цяпер, прадпрымальнік ня ведае.

Прадстаўніца Фонду сацыяльнай абароны Міністэрства працы Алена Хлус у сераду на паседжаньні сталічнага прэс-клюбу Міжнароднай фінансавай карпарацыі патлумачыла, што ніякага прыпыненьня дзеяньня 18-га дэкрэту не было. Прадпрымальнікі павінны плаціць унёскі за ўсе пяць месяцаў, а новы, трэці дэкрэт, вызваляе ад гэтых унёскаў толькі асобныя катэгорыі бізнэсоўцаў, напрыклад, інвалідаў, пэнсіянэраў, студэнтаў. Кажа Алена Хлус:

(Хлус: ) “У органы фонду было накіраванае адпаведнае тлумачэньне. Менавіта па тых пазыцыях, якія закладваліся ў дэкрэт №3, спагнаньне плацяжоў прыпынялася па вось гэтай ільготнай катэгорыі грамадзянаў”.

Пры гэтым спадарыня Хлус прызналася, што фонд сацыяльнай абароны наўмысна пайшоў на парушэньне прэзыдэнцкага дэкрэту, бо згодна з пачатковай ягонай рэдакцыяй плаціць унёскі павінны былі ўсе без выключэньня прадпрымальнікі. Таму дарэмна дробныя бізнэсоўцы, якія ня мелі льготаў, чакалі прыняцьця трэцяга дэкрэту — трэба было плаціць.

Між тым, самі бізнэсоўцы лічаць, што іх падманулі. Індывідуальны прадпрымальнік Кацярына Чыжык таксама мусіць плаціць вялікія сумы страхавых унёскаў і на ейную думку ўрад паступіў несправядліва.

(Чыжык: ) “Быў абвешчаны маратор, людзі паверылі. Пакуль былі ўсе гэтыя прыпыненьні, людзі не рабілі нічога, бязьдзейнічалі.Таму атрымліваецца, што й верыць няма каму, улады таксама падманваюць. Яны прыдумалі новы дэкрэт за тры дні й вырашылі ўзяць грошы заднім чыслом. А ўсе разумеюць чаму — бо няма грошай у дзяржавы”.

Спадарыня Чыжык пры гэтым заўважыла, што, паводле прэзыдэнцкага дэкрэту, плаціць вялікія сумы давядзецца таксама і тым прадпрымальнікам, якія нядаўна падалі заявы на ліквідацыю. Яны ня вытрывалі новых складаных умоваў вядзеньня бізнэсу, але ўсё адно іх прымусяць заплаціць пад сотню даляраў.