ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ ПОЛАЧЧЫНЫ ПРАВЯЛІ АДНАДЗЁННЫ СТРАЙК

Вінцэсь Мудроў, Наваполацак

На пытаньне: чаму папераджальны страйк ладзіцца менавіта сёньня? — кіраўнік тутэйшага прафсаюзу дробных прадпрымальнікаў Валеры Шаўчэнка адказаў адной фразай:

(Шаўчэнка: ) “Сваёй сёньняшняй акцыяй прадпрымальнікі Полацку і Наваполацку далучаюцца да маршу “За лепшае жыцьцё!”

На знак салідарнасьці з удзельнікамі маршу наваполацкія гандляры правялі зранку імправізаваны мітынг, на якім была агучаная пэтыцыя да ўладаў. Яна складаецца з шаснаццаці пунктаў і ўтрымлівае, у прыватнасьці, патрабаваньне скасаваньня шэрагу прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, датычных дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, спыненьня рэпрэсіяў супроць гандляроў рэчавых рынкаў, а таксама фіксацыі стаўкі адзінага падатку на прымальным узроўні.

Сёньня ж пэтыцыя была перададзеная ў Полацкі і Наваполацкі гарвыканкамы. Паводле сьведчаньня Валерыя Шаўчэнкі, калі ўлады ня пойдуць насустрач гэтым патрабаваньням, з 1 красавіка прадпрымальнікі Полаччыны вымушаныя будуць распачаць бестэрміновы страйк.