ГОМЕЛЬСКІЯ ЎЛАДЫ ЗАБАРАНЯЮЦЬ ПРОДАЖ РАСЕЙСКАГА ХЛЕБУ

Казімер Яноўскі, Гомель

13 прадпрымальнікаў абласнога цэнтру маюць афіцыйны дазвол мясцовых адміністрацыяў на продаж расейскага хлебу. Апроч таго, на Прывакзальнай плошчы і ў іншых бойкіх месцах Гомеля хлеб прадаюць так званыя мяшочнікі. Дый самі расейцы непасрэдна завозяць хлеб у беларускія вёскі Добрускага ды іншых памежных раёнаў. Ён таньнейшы і добрага смаку.

Зь лета мінулага году ўлады сталі абмяжоўваць гандаль расейскім хлебам, патрабуючы ад прадпрымальнікаў мець у продажы да 80% прадукцыі аб’яднаньня “Гомельхлебпрам”. На тое было адмысловае рашэньне аблвыканкаму.

Зараз пасьля адмысловай пастановы Саўміну прадпрымальнікі наагул у разгубленасьці. Яны з памочнікамі застаюцца бяз працы. Гаворыць прадпрымальнік Алег Гарбатаў:

(Гарбатаў: ) “Прыходзілі да нас прадстаўнікі хлебпраму пытацца, чаму мы гандлюем, калі выйшла ўжо пастанова на забарону продажу хлеба бяз новай ліцэнзіі. Падаткоўцы прыходзілі. А сёньня ўначы на памежжы дзяржаўтаінспэктары папярэдзілі: калі заўтра паедзем у Расею па хлеб, то яны выклічуць падаткоўцаў, каб нас не прапусьціць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь”.

Спадар Гарбатаў перакананы, што новыя правілы закранулі перш за ўсё цывілізаваных прадпрымальнікаў, а не мяшочнікаў.

(Гарбатаў: ) “Мяшочнікі, як вазілі, так і будуць вазіць. Іх ніхто не правярае. Душаць тых, у каго ўсё законна. Несправядлівасьць у нашай дзяржаве”.

Дарэчы, самі “чаўнакі” таксама не разумеюць дзеяньняў уладаў. Раней быў указ кіраўніка дзяржавы, які забараняў прадаваць беларускі хлеб ды іншыя харчы ў памежных краінах. Гаворыць гандлярка Марына:

(Марына: ) “Калі раней вазілі з Гомеля хлеб у Расею, нашы не дазвалялі. Выцягвалі нас з вагонаў, хлеб на зямлю кідалі. А Расея — вітала. Калі ласка, прывозьце. Куплялі з дабром”.

Як бы падсумоўвае дзеяньні ўладаў гамяльчук, што назваўся Генадзем:

(Генадзь: ) “Яны ня толькі хлеб забаранілі. Яны ўсё, што могуць, забараняюць”.