АПОШНІ АПАЗЫЦЫЙНЫ КАНДЫДАТ У МЕНСКУ ПРАЙГРАЎ ВЫБАРЫ СТАРШЫНЮ ПРАФКАМА МТЗ

Валер Каліноўскі, Менск

Гэта быў апошні шанец прадстаўніку апазыцыі прабіцца ў Менскі гарсавет. Аднак Ігар Шынкарык з АГП прайграў выбары ў Трактаразаводзкай акрузе №55 старшыню прафкама МТЗ Аляксандру Карцаву. Карцаў набраў 57% галасоў, Шынкарык – 34%. Яўка склала каля 30% выбаршчыкаў пры 25% неабходных. Як перакананы лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які быў назіральнікам на адным з участкаў, ўдала спрацаваў так званы адміністрацыйны рэсурс. Па-першае тое, што выбары прызначылі на будні дзень, і на ўчасткі прыйшлі пераважна пэнсіянэры, да 70% на ягоным участку. Па-другое, з Менскага трактарнага заводу рабочых адпусьцілі з працы адразу пасьля абеду з умовай, каб яны прыйшлі на выбарчыя участкі. Зразумела, што яны і прагаласавалі за свайго прафсаюзнага лідэра, а не за прадстаўніка апазыцыі. А апазыцыйны электарат кансалідавацца тут ня змог.

Ігар Шынкарык і Анатоль Лябедзька сьцьвярджаюць пра масавыя парушэньні, на большай частцы ўчасткаў назіральнікі не змаглі сачыць за падлікам галасоў, іх адсунулі што падалей, часам назіральнікаў проста выдалялі з участкаў, не пусьцілі нават дэпутата ад Палаты прадстаўнікоў з групы “Рэспубліка” Сяргея Скрабца. Сябры камісіяў арганізоўвалі масавае выязное галасаваньне з так званымі урнамі, зь вельмі сумнеўнымі вынікамі. Пра гэтыя парушэньні ўжо ўчора падаваліся заявы ў гарадскую выбарчую камісію і пракуратуру. Хаця на справядлівы разгляд асабліва ніхто і не разьлічвае. Такім чынам, ніводнага прадстаўніка апазыцыі ў Менскім гарсавеце ня будзе. І ўчора Аляксандар Лукашэнка заявіў, што выбары ў мясцовыя саветы пацьвердзілі схільнасьці і сымпатыі нашага народу, які не падтрымаў апазыцыю.