ТБМ ПРАПАНУЕ ПАПРАЎКІ ДА ЗАКОНУ АБ МОВАХ

Валянціна Аксак, Менск

Для таго, каб даць дзіцяці беларускае імя ў традыцыйнай нацыянальнай форме, бацькі мусяць зьвяртацца па даведку — што такое імя сапраўды існуе — у акадэмічны Інстытут мовазнаўства. Рэкляма, назвы ўстановаў і прадпрыемстваў, сродкі масавае інфармацыі — ва ўсім грамадзкім жыцьці краіны беларуская мова зьведзеная да мінімуму.

Вось якія высновы з сытуацыі робіць намесьнік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў...

(Кручкоў: ) “Гэтая практыка, якая на сёняшні момант існуе, сьведчыць пра тое, што беларуская мова ў нас не дзяржаўная”.

Прапановы тэбээмаўцаў датычныя дваццаці сямі артыкулаў прынятага ў 1998 годзе Закону аб мовах. У першым артыкуле Закону ТБМ прапануе ўвесьці норму пра дзяржаўную моўную талеранцыю і адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за дыскрымінацыю паводле моўнае прыкметы. Наступныя прапановы кранаюць сфэры моўных стасункаў грамадзянаў з дзяржаўнымі чыноўнікамі.

(Кручкоў: ) “Мы хочам, каб на ўсе звароты грамадзянаў, якія робяцца на беларускай мове, адказы даваліся на мове звароту. Каб не было так, што толькі з трэцяга разу можна дамагчыся атрымаць зь дзяржаўнай установы ліст на дзяржаўнай беларускай мове ад нейкага небеларускамоўнага чыноўніка. Мы прапануем увесьці ў закон норму пра абавязковае валоданьне дзяржаўнымі чыноўнікамі дзяржаўнае беларускае мовы. Яны мусяць ёю добра валодаць, каб належна весьці прыём грамадзянаў па-беларуску, пісаць адказы, разглядаць скаргі на мове вуснага ці пісьмовага звароту”.

Асобна спадар Кручкоў падкрэсьлівае неабходнасьць прыняцьця на беларускай мове дзяржаўных заканадаўчых актаў, а таксама дакумэнтаў, якія выдаюць грамадзянам дзяржаўныя органы.

(Кручкоў: ) “Пераклад любога закону ня мае юрыдычнае сілы і ня можа быць выкарыстаны ў судзе. Гэта датычыць і дакумэнтаў, якія выдаюцца грамадзянам дзяржаўнымі ўстановамі. Прыкладам, зараз у пэнсійным фондзе картка пэрсанальнага ўліку выдаецца толькі па-расейску, тое і з дакумэнтамі ў страхавых фондах.

Калі ў пашпартах яшчэ захоўваецца дзьвюхмоўе, то ў іншых дакумэнтах ужо гэтага не захоўваюць”.

Усе прапановы ва ўдасканаленьні Закону аб мовах ТБМ накіроўвае да заканадаўцаў у адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў.