МАЛАРЫТА

Аляксей Знаткевіч, Маларыта

Маларыцкі раён – самы поўдзень Беларусі. За савецкім часам прыежджыя дзівіліся, што жыхары Маларыты вырошчваюць клубніцы на дзялянках у лесе. Яшчэ да таго, як жыхары былога СССР атрымалі права на шэсьць сотак зямлі, мясцовыя насельнікі карысталіся з выгодаў маларыцкага клімату і вазілі раньнія ягады на продаж у Менск.

Ад Маларыты да Ўкраіны – крок ступіць. Ды й гаворкі ў Маларыцкім раёне дужа падобныя да ўкраінскай мовы. Калі Беларусь набыла незалежнасьць, мясцовыя ўкраінскія актывісты спрабавалі дабіцца ўкраінамоўнай адукацыі. Але начальства ды й большасьць жыхароў паставіліся да гэтага скептычна, а часам нават варожа. Гаворыць былы кіраўнік маларыцай суполкі культурніцкага аб’яднаньня “Просвіта” Ўладзімер Харсюк.

(Харсюк: ) “Настолькі пачалі яны агрэсіўна да нас ставіцца, што выдумалі, нібыта Харсюк хоча адрэзаць Палесьсе да Ўкраіны. Харсюк нічога ня хоча – Харсюк хоча, каб была справядлівасьць. Нам толькі не хапала, каб родныя браты былі акупантамі! Мы ўсялякіх акупантаў мелі. Але, дарэчы, як былі тут акупанты, то мы мелі ўкраінскія школы. А ў роднага брата мы ня маем ані газэты, ані школы – нічога. Гэта справядліва? Не. Гэта ёсьць распальваньнем нянавісьці паміж адным ды другім народамі”.

Жонка Ўладзімера Харсюка Ірына гэтак тлумачыць, чаму нават украінцы ў Маларыце не жадаюць, каб іхныя дзеці вучыліся па-ўкраінску.

(Ірына Харсюк: ) “Старэйшае пакаленьне вымерла. А пасьля вайны ўжо вырасла тры пакаленьні. Яны ўсе не вучылі гісторыі сваёй, яны ня ведаюць, хто яны, што яны – “Мы мясцовыя”. Хто больш граматны, хто менш. А маладая мама цяперашняя, якая дасылае дзяцей у школу, пачынае з садку. Садок – на расейскай мове. Яны хочуць, каб дзіцё з маленства засвойвала тую мову, на якой яно будзе вучыцца ў школе. А школы ў большасьці на расейскай мове”.

У самой Маларыце няма ніводнай школы, дзе б навучаньне вялося ня тое што на ўкраінскай, але й на беларускай мове. Тое ж самае і зь дзіцячымі садкамі. Гаворыць Уладзімер Харсюк.

(Уладзімер Харсюк: ) “Садок дзіцячы. А па праўдзе, што гэта? Садок, да й годзе? А па-мойму – унівэрсытэт русіфікацыі. Там закладаюць русафільскую думку, што тое ёсьць прыгажэйшым, а тое ёсьць мовай вясковай, нікудышнай, мужыцкай. А пра беларускую тут і слухаць ня хочуць. Ну дык я ім кажу – вы ж беларусы! Дык не. “Мы гаворым так”. Дык якой мовай вы гаворыце? “Мяшанкай”.

Абвінавачаньні ва ўкраінскім сэпаратызьме былі сярод прычынаў, чаму Ўладзімер Харсюк стаўся адным з заснавальнікаў суполкі Беларускага Народнага Фронту ў Маларыцкім раёне. На цяперашніх мясцовых выбарах у раёне былі толькі два партыйныя кандыдаты. Намесьніца старшыні райвыканкаму Галіна Ігнатчук прадстаўляла праўрадавую Камуністычную партыю Беларусі. А ад Партыі БНФ балятаваўся старшыня раённай суполкі Ўладзімер Малей.

Увогуле канкурэнцыя на выбарах ў раёне была невялікая: на 30 месцаў – 31 кандыдат. Акруга, у якой балятаваўся “фронтавец” Малей, адзіная, дзе выбарцы мелі альтэрнатыву – ажно два кандыдаты. Канкурэнтам Малея стаўся начальнік маларыцкай памежнай камэндатуры Ігар Чарнышоў.

Сам Малей быў упэўнены, што большасьць выбарцаў падтрымаюць яго. Рэч у тым, што былы камандзер ракетнай батарэі, а цяпер вайсковы пэнсіянэр у апошнія гады займаецца праваабарончай дзейнасьцю. Скончыўшы ў 2000 годзе недзяржаўны Інстытут правазнаўства, Малей атрымаў дыплём юрыста. Але й раней як сябра Свабоднага прафсаюзу і праваабарончай арганізацыі “Вясна” ён шмат дапамагаў жыхарам Маларыты.

Калі мясцовыя ўлады адключылі напрыканцы 1990-х гарачую ваду ў горадзе, менавіта Малей наладзіў збор подпісаў і дабіўся, каб ваду зноўку далі. Але летась гарачую ваду ў Маларыце адключылі наноў з фармулёўкай “з-за недахопу сродкаў у бюджэце”. Гаворыць Уладзімер Малей:

(Малей: ) “Ну, гэтым разам я думаю – ладна, хопіць за іх вырашаць гэтыя праблемы. Хай яны думаюць, як вырашыць іх – змогуць яны ці не? Праходзіць адзін тыдзень без вады гарачай, другі тыдзень… Потым я іду – жанчыны, якія з малымі дзецьмі гуляюць на двары, падыходзяць і кажуць: “Уладзімер Уладзімеравіч, ну давайце нешта зробім, вады няма, невыносныя ўмовы”. Во, кажу, празрэлі!”

І гэтым разам ваду падключылі пасьля збору подпісаў і пратэстаў. Тое, што мясцовыя жыхары ўдзячныя за гэта Ўладзiмеру Малею, паказалi вынiкi цяперашнiх выбараў – сябра БНФ перамог у першым туры. Ягоную вiдавочную перавагу я ўбачыў сам яшчэ напярэдаднi выбараў, калі зранку абыйшоў двары дзясятка дамоў у ягонай акрузе. Толькі адзін мужчына сказаў, што будзе галасаваць за памежніка Ігара Чарнышова, але i ён напачатку спасылаўся на тайну галасаваньня.

(Галасы: ) “Гэта вялікі сакрэт… За Малея ж будзеце галасаваць… Тайнае галасаваньне, мы з сям’ёй… За Малея… За Малея, канечне, адназначна”.

Вось як тлумачылі свой выбар некаторыя з мужчынаў.

(Спадар: ) “Калі галасаваць за Чарнышова, дык гэта прадстаўнік улады, праўда? Ён уладзе якое-там адмоўнае пытаньне паставіць ці нешта вырашаць ня зможа. Не папрэ ён ніколі і шчыра ды адкрыта ня скажа пра вось гэты развал, пра гэты аблом, пра ўсё астатняе. Ён будзе ляяльны гэтай уладзе, якая ўсё разагнала, зламала, зрабіла бязглузда. А Малей – ён чэсны, справядлівы чалавек”.

(Іншы спадар: ) “Так-так-так.”

(Карэспандэнт: ) “Вы таксама за Малея зьбіраецеся галасаваць?”

(Іншы спадар: ) “Натуральна – дапамагае ўсім. Ваду гарачую – Малей”.

Гэтак жа патлумачыла свой выбар і жанчына, якая адразу ж паказала рахункі за камунальныя паслугі. Асабліва яе абурыў радок “За абслугоўваньне дома”.

(Спадарыня: ) “Якое абслугоўваньне дома? Пад’езды мы прыбіраем самі, тэрыторыю мы таксама прыбіраем самі. Нават з-за таго, што не прыходзіць транспарт, мы вымушаныя ўсё гэтае лісьце і сьмецьце спальваць. Хоць у нашай радыёактыўнай зоне – гэта скрайняе парушэньне”.

На мапах Чарнобыльскай радыяцыі Маларыцкі раён не пазначаны сярод забруджаных зонаў. Але за савецкім часам тут месьцілася ядзерная зброя, і таму мясцовыя жыхары скептычна ставяцца да інфармацыі пра адсутнасьць радыяцыі. А нядаўна зьявілася новая пошасьць – на мяжы Маларыцага і Берасьцейскага раёнаў будуюць могільнік для радыёактыўнага грунту. Туды плянуюць перавезьці глебу з Берасьця, дзе за савецкім часам былі два перагрузачныя пункты для ўранавай руды. Савецкі Саюз завозіў яе з Усходняй Эўропы.

Жыхары навакольных вёсак спрабавалі пратэставаць, зьбіралі подпісы, накіроўвалі лісты высокім уладам – нават у прэзыдэнцкую адміністрацыю. У вёсцы Брадзяцін гэты рух быў найбольш актыўны, бо яго узначаліла дэпутатка раённага савету Лідзія Мароз. Але ўсе лісты ў адказ былі аднолькавыя – няма пра што хвалявацца, усё будзе добра, няма ніякай небясьпекі. Вось як гэта камэнтуюць у вясковай краме.

(Спадарыня: ) “Нічога нам не адказалі. Гэта ўсё будзе і ўсё тут, сказалі. Гэта ўсё вырашана загадзя, з намі не ўзгаднялі”.

(Спадар: ) “Пра народ ніхто ня думаў”.

(Галасы: ) “Не… У нас ніхто нічога не пытаўся, не… Чарнобылю хапіла… Хапае яшчэ наступстваў… Дык хай бы везьлі ў той Чарнобыль… І грыбы ж якія тут растуць, дык усё ж будзе забруджанае, вада…”

Дэпутатка Лідзія Мароз, якая доўга змагалася супраць будаўніцтва могільніка, адмовілася нешта камэнтаваць. Калі ўжо прэзыдэнт не дапамог, дык і Радыё Свабода не дапаможа, – гэтак яна патлумачыла сваю пазыцыю. У цяперашніх мясцовых выбарах Лідзія Мароз ужо ня ўдзельнічала. Пэўна, спатрэбіўся новы, больш згаворлівы дэпутат.

Тое, што радыеактыўную глебу будуць вазіць не ў Чарнобыльскую зону, але ў Маларыцкі раён, тлумачаць вельмі проста – бліжэй ды таньней. У мясцовым бюджэце, як і па ўсёй краіне, грошай не стае – у гэта лёгка паверыць, пагледзеўшы на будынак мясцовага суду: на гарышчы няма шыбаў; сьцены выглядаюць так, нібы хутка ўсё разваліцца. А што можа разбурыцца – ужо пераканаліся. Частка маларыцкага кінатэатру “Радзіма” рухнула ў сьнежні 2001 году. Дзякуй Богу, адбылося тое з самага ранку, калі ў будынку нікога не было. Якраз у той дзень мусіў быць дзіцячы кінасэанс.

Журналіст мясцовай дзяржаўнай газэты, які раней пісаў матэрыялы супраць радыеактыўнага могільніка, кажа, што часам яму здаецца, нібыта ўлады ня супраць эканоміць нават на жыцьці людзей. Але сказаць гэта на дыктафон ён не пажадаў, патлумачыўшы наступным чынам: “Спачатку ты шукаеш праўду, а потым – новае месца працы”.

З работай ў Маларыце праблемы, як і ў большасьці раённых цэнтраў. Адзінае больш-менш вялікае прадпрыемства у горадзе – гароднінасушыльны завод. Праўда, напрыканцы 80-х гадоў тут хацелі зрабіць найбуйнейшы ў Эўропе камбінат будаўнічых матэрыялаў. Рэч у тым, што паблізу ад Маларыты месьціцца багатае Хаціслаўскае радовішча мелу і сілікатных пяскоў. Але ўжо колькі гадоў не стае грошай каб гэтае радовішча распрацаваць усур’ёз. Цяпер на камбінаце будаўнічых матэрыялаў працуе каля 30 чалавек, якія ў асноўным здабываюць пясок зь верхняга слою. Гаворыць работнік камбінату:

(Спадар: ) “Запасы вельмі салідныя й каштоўныя. Тут практычна няма адкідаў – усё можна пусьціць у вытворчасьць. Пачынаючы зьверху – пясок – і далей пайшоў мел. Усё вельмі добрай якасьці. Проста не хапае магчымасьцяў у дзяржавы”.

Цяпер камбінат ператвараюць у акцыянэрнае таварыства. А галіновае прадпрыемства “Белгеалёгія” нават прапанавала здаць шэраг беларускіх радовішчаў, у тым ліку і Хаціслаўскае, ў канцэсію замежным кампаніям.
Міхаіл, які працуе на Маларыцкім камбінаце будаўнічых матэрыялаў кіроўцам, кажа, што ўсе спадзевы толькі на тое, што на прадпрыемства прыдзе сапраўдны гаспадар – няважна, беларускі ці замежны. Пакуль жа Міхаіл выходзіць на працу два ці тры разы на тыдзень, а за апошні месяц атрымаў 70 тысячаў рублёў.

(Міхаіл: ) “Стаім на золаце, толькі што няма канкрэтнага гаспадара, каб узяць гэтую справу ў рукі. Здаецца, немцы там браліся, але ж ведаеце, няма дазволу зьверху, і так вось атрымоўваецца. Ня ведаю, што там будзе, што не. Спадзяемся й чакаем”.