Сёньня сябры аргкамітэту правялі апошнюю прэсавую канфэрэнцыю напярэдадні маршу. Андрэй Саньнікаў паведаміў, што адказ Менгарвыканкаму аформлены са шматлікімі парушэньнямі — няма спасылкі на нумар пратаколу паседжаньня, на якім прынялі рашэньне; зьмененыя фармулёўкі заяўнікаў, і, нават прозьвішча Андрэя Саньнікава, якому адрасаваны адказ, напісана з памылкаю.
Атрымаўшы такі адказ, сябры аргкамітэту адразу падалі скаргі ва ўрад і пракуратуру. Яны маюць намер правесьці акцыю ў заплянаваным фармаце. Арганізатараў падтрымала міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International”. У сваім прэсавым рэлізе гэтая ўплывовая арганізацыя заклікае беларускія ўлады не ўжываць сілу супраць дэманстрантаў. У выпадку разгону дэманстрацыі, усім затрыманым будзе нададзены статус вязьня сумленьня.
У рэгіёнах на знак салідарнасьці з дэманстрантамі плянуюцца лякальныя акцыі. У Гомелі і Жлобіне пройдуць мітынгі, а ў Мазыры — сход прадпрымальнікаў на рынку. У Віцебску, Барысаве і Жодзіне плянуюцца шэсьці з пустымі рандолямі па вуліцах гарадоў. 12 сакавіка, у дзень правядзеньня акцыі, за межамі краіны беларусы плянуюць правесьці пікеты. Заўтра адбудзецца пікет у Варшаве, а потым у Кіеве, Бэрліне і Лёндане. Арганізатары маршу разьлічваюць на вялікую колькасьць людзей, але нейкую дакладную лічбу не называюць. Сяргей Малахаў лічыць, што толькі прадпрымальнікаў будзе колькі тысячаў чалавек.
Сёньня да акцыі далучылася Беларуская партыя працы. Арганізатары паведамілі, што да правядзеньня маршу “За лепшае жыцьцё!” далучыліся практычна ўсе палітычныя партыі, за выключэньнем “Народнай Грамады” і “Маладога Фронту”, і вялікая колькасьць грамадзкіх арганізацыяў. Уладзімер Кобец паведаміў, што літаральна днямі партыя БНФ далучылася да маючай адбыцца акцыі.
(Кобец: ) “Намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка ўвайшоў у аргкамітэт маршу. Ён паведаміў, што гэтае рашэньне было разгледжанае, а потым прынятае на Ўправе БНФ. Згодна рашэньня Ўправы, Фронт падтрымаў гэты марш, а Юры Хадыка ўваходзіць у аргкамітэт ад Фронту”.
Андрэй Саньнікаў лічыць, што акцыя набудзе агульнанацыянальны маштаб.
(Саньнікаў: ) “Я лічу, што, нягледзячы на тое, што Менгарвыканкам жадаў зрабіць — можа яшчэ пакінуць час пэўны выканкаму ды іншым структурам, каб тыя прынялі адпаведнае рашэньне. Лічу, што народ зьбярэцца, бо розглас ідзе вельмі добры. Нават у Менгарвыканкаме падкрэсьлівалі, што ў нас вельмі актуальныя лёзунгі й вельмі актуальныя праблемы мы ўздымаем”.
Напярэдадні акцыі сябры моладзевага руху “Зубр” актывізавалі распаўсюд ўлётак, а праваахоўныя органы сталі больш пільна сачыць за моладзьдзю. Паводле каардынатара гэтай арганізацыі Цімафея Дранчука, толькі за выходныя дні затрымалі каля двух дзясяткаў чалавек.