БЕЛАРУСКІЯ ПАЛІТЫКІ КАМЭНТУЮЦЬ ПРАЕКТ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА АКТУ

Валер Каліноўскі, Менск

Лідэр БСДП “Народная грамада” Мікола Статкевіч называе падрыхтоўку Канстытуцыйнага акту справай незаконнай і небясьпечнай для Беларусі:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, тое, што робіцца — цалкам антызаконна, цалкам антыканстытуцыйна, але цяпер гэта мабыць робіцца ў інтарэсах сёньняшняй расейскай улады. Таму што ім напярэдадні выбараў трэба паказаць, што справа інтэграцыі, якую так любіць сярэдні расіянін, працягваецца. Праўда зараз ужо замінкі ў гэтай справе, як паказваюць апошнія перамовы пра адзіную валюту, ужо ідуць зь беларускага боку. Але мне здаецца, што беларуская ўлада, беларускі рэжым з гэтай інтэграцыі, якую яны таксама эксплюатавалі, — яны зь ёй перагулялі. Зараз такое ўражаньне, што Расея проста выкручвае рукі”.

Мікола Статкевіч лічыць, што ў цэлым у праекце Канстытуцыйнага акту шмат агульных словаў, палажэньняў, якія цяжка будзе выканаць. Аднак ягоная падрыхтоўка сьведчыць пра небясьпечную тэндэнцыю, якая ўрэшце можа скончыцца стратаю сувэрэнітэту Беларусі. І найбольшая небясьпека тут — увядзеньне расейскае валюты.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі эканаміст Яраслаў Раманчук акцэнтуе ўвагу на палажэньні пра саюзныя падаткі, якія зробяцца дадатковым цяжарам на фінансавы стан беларускай эканомікі.

(Раманчук: ) “Гэта ўнясе яшчэ больш смуты, больш неразьбярыхі ў гэтае пытаньне. Нагадаю, што Беларусь з Расеяй дагэтуль ня могуць вырашыць, як падатак на даданую вартасьць вылічаць, і каму плаціць. Расея паставіла ультыматум з нагоды гэтага падатку. А прапанова ўвесьці яшчэ новы падатак, такая прапанова можа толькі заблякаваць іншыя, больш празрыстыя дамоўленасьці.

Новыя падаткі не прынясуць нічога добрага, а калі імі будзе распараджацца такі чалавек, як спадар Барадзін, то, безумоўна, для яго гэта будзе карысна, але для Беларусі, для Расеі, для простых людзей гэта будзе яшчэ адна дзірка ў кішэні іх эканамічнага дабрабыту”.

Яраслаў Раманчук таксама лічыць магчымым вынікам Канстытуцыйнага акту, прыярытэту саюзных законаў над нацыянальнымі, пазбаўленьне Беларусі сувэрэнітэту. Такія рашэньні будуць лябіявацца больш магутнымі расейскімі бізнэс-групоўкамі, і абудзецца паглынаньне Беларусі наддзяржаўнай структураю, кажа спадар Раманчук:

(Раманчук: ) “Гэта дэ-факта паставіць крыж на рэформах у Беларусі і на тым, што яна будзе ўвогуле існаваць як незалежная праўная адзінка на міжнародным полі”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч не выключае, што мэтаю расейскае палітыкі тут зьяўляецца імкненьне адцягнуць Беларусь ад Эўразьвязу, заблякаваць магчымае сяброўства ў ім. Як рэальна можа дзейнічаць саюзная дзяржава, спадар Парфяновіч не разумее.

(Парфяновіч: ) “Я ўвогуле не ўяўляю, што гэта за краіна будзе такая — з асобным гербам, гімнам і г.д. Давядзецца мяняць Канстытуцыю, усё мяняць, а што ад гэтага атрымаюць нашыя людзі — большы заробак, таннейшыя цэны?”

Уладзімера Парфяновіча турбуе, што ў Канстытуцыйным акце зусім не прапісаны мэханізм выхаду з гэтай Саюзнай дзяржавы. Гэта ні што іншае як небясьпечныя палітычныя гульні, — кажа спадар Парфяновіч, — пры тым, што Палата прадстаўнікоў не давала ніякіх паўнамоцтваў сьпікеру Вадзіму Папову на стварэньне Канстытуцыйнага акту. Не стварала яна і камісію, якую ўзначальваюць спадары Папоў і Селязьнёў.