БУДУЧЫХ АЛІМПІЙЦАЎ ПАВІННЫ ФІНАНСАВАЦЬ ПРАМЫСЛОВЫЯ ПРАДПРЫЕМСТВЫ

Казімер Яноўскі, Гомель

Управа фізкультуры і спорту рыхтуе зараз адмысловы ліст да абласнога выканкаму з прапановаю абавязаць прадпрыемствы прыняць удзел у фінансаваньні падрыхтоўкі 45 спартоўцаў. Менавіта гэтулькі адмыслоўцаў рэгіёну зацьверджана новым міністрам спорту Сіваковым для заваяваньня ліцэнзіяў на ўдзел у Алімпійскіх гульнях 2004 году.

Шэсьць прадпрыемстваў рэгіёну нібыта ўжо пагадзіліся выдзеліць грошы на падрыхтоўку спартоўцаў. Сярод іх – нафтаправод “Дружба”, вагонарамонтны завод, аб’яднаньне “Гомсельмаш”, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Жлобінскі мэталюргічны.

Старшыня ўправы фізкультуры і спорту Васіль Жаранкоў перакананы, што пагодзяцца і іншыя прадпрыемствы.

(Жаранкоў: ) “Куды ж яны падзенуцца, будуць адклікацца. Яны ж добра разумеюць, што падтрымка павінна быць. Канечне, цяжка сёньня ўсім, але не такія ўжо вялікія грошы патрэбны. Дый не пакладуць спартоўцы гэтыя грошы сабе ў кішэню. На хлебе і сале сёньня не працягнеш. Патрэбныя вітаміны, гародніна, садавіна. Спартоўцам патрэбнае дадатковае харчаваньне”.

Паводле меркаваньня спартыўнай управы, прадпрыемствы павінны ахвотней фінансаваць тых спартоўцаў, якія ў свой час мелі якое-небудзь дачыненьне да пэўных калектываў. Скажам, знакамітая плыўчыха Алена Попчанка трэніравалася калісьці ў плавальным басэйне “Гомсельмашу”. Яе “Гомсельмаш” і павінен узяць зараз на фінансавае забесьпячэньне. У Жлобіне надзеі падае лёгкаатлет Генадзь Мароз. Таму ягоным апекуном павінен выступіць мясцовы мэталюргічны завод.

Я пацікавіўся ў працаўнікоў “Гомсельмашу”, ці правільна ўлады паступаюць, абавязваючы прадпрыемствы выдзяляць сродкі на падрыхтоўку спартоўцаў да Алімпіяды? “Не, гэта няправільна. На наш погляд, хто зарганізоўвае, павінен і выдзяляць”, – лічыць сельмашаўскі каваль Аляксандр. “Кепска, што дзяржава такая бедная, што ня можа красу сваю ўтрымліваць – спартоўцаў. Яны ж рэклямуюць краіну. Бяз гэтага, магчыма, і ня ведалі б, што ёсьць такая Беларусь”, – заявіў прафсаюзны актывіст Анатоль Арабей.

На “Гомсельмашы” складаная фінансавая сытуацыя. Каб выплаціць заробак сваім рабочым, прадпрыемства зараз узяло ў банку 10-мільярдны крэдыт. На падрыхтоўку ж аднаго спартоўца да Алімпіяды трэба, паводле самых сьціплых падлікаў, 120 тысячаў даляраў, або 240 мільёнаў беларускіх рублёў.