ЛУКАШЭНКА І ПУЦІН СУСТРЭЛІСЯ Ў СОЧЫ

Валер Каліноўскі, Менск

Сустрэча адбылася ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта Расеі “Бачароў ручай”. Аляксандру Лукашэнку давялося пачакаць, пакуль Уладзімер Пуцін правёў перамовы зь лідэрам Грузіі Эдуардам Шэварнадзэ і абхаскім кіраўніком выканаўчай улады Генадзем Гагулія пра ўрэгуляваньне абхаскага крызысу.

Аляксандар Лукашэнка знаходзіўся ў Сочы на адпачынку з 24 лютага, і раней паведамлялася, што ягоны адпачынак разьлічаны толькі на дзесяць дзён, але яго давялося падоўжыць, відаць, адмыслова для таго, каб А.Лукашэнка змог сустрэцца з У.Пуціным.

Перш за ўсё А.Лукашэнка падзякаваў У.Пуціна за запрашэньне адпачыць у Сочы і заявіў, што ён “упершыню ў жыцьці так адпачыў”, што ён зь сям’ёй адчуваў сябе ў Расеі, як дома. Прэсавая служба У.Пуціна паведаміла, што лідэры Беларусі й Расеі абмяркоўвалі праект Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы, падрыхтоўка якога павінна скончыцца 11 сакавіка. Пуцін перад гэтым адмыслова сустракаўся зь яго распрацоўшчыкамі і выказаў спадзяваньне на ўрэгуляваньне супярэчнасьцяў.

Пакуль неўрэгуляваным застаецца пытаньне пра тое, хто будзе кіраваць гіпатэтычнай Саюзнай дзяржаваю — Вышэйшая дзяржаўная рада, як цяпер, ці прэзыдэнт, функцыі якога па чарзе будуць выконваць кіраўнікі Беларусі й Расеі. Апошняя прапанова, дарэчы, належыць беларускаму боку.

Аляксандар Лукашэнка пазытыўна ацаніў праект Канстытуцыйнага акту, ён лічыць, што экспэртная група ў яго выпрацоўцы папрацавала добра, але ў дакумэнце засталіся белыя плямы.

Уладзімер Пуцін прапанаваў таксама вярнуцца да ўсяго комплексу праблемаў, якія затаюцца ў двухбаковых дачыненьнях. Тут з самых вострых пытаньняў — спрэчка наконт адзінага эмісійнага цэнтру і ўвядзеньня расейскай валюты як адзінай. Масква настойвае на праве эмісіі толькі для свайго Цэнтрабанку. Менск жа хоча мець квоту на друкаваньне расейскіх рублёў і жадае, каб перад пераходам на адзіную валюту былі ўніфікаваныя ўмовы гаспадараньня для расейскіх і беларускіх прадпрыемстваў. Акрамя таго Масква занепакоеная нядаўнімі абмежавальнымі захадамі Менску ў адносінах да шэрагу расейскіх тавараў — піва, мукі, крупаў. Як паведамляе прэсавая служба У.Пуціна, сустрэча доўжылася каля гадзіны, заразумела, што за гэты час усе праблемы вырашыць немагчыма.