ЗЬ МЕНСКУ Ў БАГДАД ПАЛЯЦЕЛІ ТОЛЬКІ БІЗНЭСОЎЦЫ — БЕЗ ЖУРНАЛІСТАЎ

Юры Сьвірко, Менск

Разрэклямаваная паездка групы беларускіх журналістаў у Ірак, прызначаная на 7 сакавіка, не адбудзецца. Ірацкая амбасада ў Менску кажа цяпер, што прэсу ў Багдад везьці не плянавалі, хаця насамрэч адпаведныя запрашэньні іракцы разаслалі па рэдакцыях. Супрацоўнік амбасады Іраку ў Беларусі ў пятніцу на пытаньне пра палёт журналістаў адказаў так:

(Дыплямат: ) “Ніхто з журналістаў. Толькі бізнэсоўцы. Яны адлятаюць сёньня а 5-й гадзіне ўвечары”.

Ірацкі дыплямат дадаў, што гэтыя беларускія бізнэсоўцы вернуцца 12 сакавіка назад у Менск. Палёт гэтага чартэру “Белавія”, паводле зьвестак МЗС Беларусі, узгоднены з Камітэтам санкцыяў ААН. Сьпісу гэтых бізнэсоўцаў беларускае дыпляматычнае ведамства ня мае.

Адметна, што іхная паездка ў Ірак адбываецца падчас масавай эвакуацыі з гэтай краіны. У пятніцу ўдзень Багдаду ў Маскву вылецеў самалёт Іл-62 расейскага міністэрства надзвычайных сытуацыяў, які забраў 150 чалавек — новую партыю грамадзянаў Расеі ды іншых краін СНД.

Паводле кіраўніцы ўправы інфармацыі міністэрства надзвычайных сытуацыяў Расеі Марыны Рыклінай, усяго да 10 сакавіка адбудзецца 5 рэйсаў самалёту гэтага ведамства. Першы зь іх адбыўся ў чацьвер — у Маскву прыляцелі 75 грамадзянаў Расеі і 76 чалавек зь іншых краін СНД, у тым ліку 14 беларусаў.

Міністэрства замежных справаў Расеі паведаміла ў чацьвер, што прынятае афіцыйнае рашэньне пра скарачэньне расейскае калёніі ў Іраку. А беларускае МЗС вуснамі свайго афіцыйнага прадстаўніка Андрэя Савіных заяўляе пра далейшы лёс грамадзянаў Беларусі наступнае:

(Савіных: ) “Мы ўжо даўно скарачаем колькасьць людзей у Іраку і ствараем для гэтага пэўныя ўмовы”.

Спадар Савіных ня меў зьвестак пра тых 7 грамадзянаў Беларусі, якія працуюць у Іраку паводле беларускіх кантрактаў. А пра 14 эвакуяваных беларусаў ён заявіў:

(Савіных: ) “Гэта тая катэгорыя грамадзянаў, якая працавала паводле расейскіх кантрактаў і наконт якой мы мелі дамоўленасьць з расейскім бокам пра тое, што ў выпадку задзейнічаньня пэўных схемаў эвакуацыі людзей яны падпадаюць пад тыя мэханізмы й захады, што будзе ладзіць расейскі бок”.

Ірацкі амбасадар у Маскве Аббас Халаф у пятніцу зноў абвергнуў паведамленьні пра пляны Садама Хусэйна шукаць палітычнага прытулку ў Беларусі. “Гэта казкі, якія неаднаразова зьяўляліся ў СМІ, што Садам шукае прытулку то ў Лібіі, то недзе яшчэ”, — сказаў амбасадар Іраку на прэсавай канфэрэнцыі ў маскоўскім офісе “Інтэрфаксу”.

Вяртаецца на радзіму і мэр Багдаду Аднан Абэд Хамэд, які цягам трох дзён знаходзіўся ў Менску. Перад вылетам у Стамбул багдадзкі мэр заявіў, што, нягледзячы на непалітычны характар візыту дэлегацыі са сталіцы Іраку, у размове з кіраўніцтвам Менску і дырэктарамі шэрагу прадпрыемстваў беларускай сталіцы ўздымалася пытаньне пра сёняшнюю сытуацыю ў Іраку. “Нашыя беларускія сябры выказваліся супраць амэрыканскай пагрозы. Мы ніколі не забудзем гэтага”, — заявіў спадар Хамэд, мэр сталіцы Іраку.