У ВЫНІКУ АПЭРАЦЫІ ПОЛЬСКАЙ ПАЛІЦЫІ ЗАБІТЫ ГРАМАДЗЯНІН БЕЛАРУСІ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паліцыя атрымала інфармацыю пра месца знаходжаньня злачынцаў яшчэ ўчора, і апэрацыя па іхным затрыманьні распачалася мінулай ноччу а 1-й гадзіне. Паліцыянты, аднак, не спадзяваліся, што падворак дому, дзе хаваліся бандыты, быў замінаваны. Пасьля таго, як узарвалася першая міна, злачынцы кінулі ў паліцыянтаў самаробную, але вельмі моцную бомбу, якая была наладаваная цьвікамі, а затым пачалі літаральна закідваць супрацоўнікаў паліцыі гранатамі.

Інтэнсіўная страляніна паміж амаль 50 паліцыянтамі і 2 злачынцамі трывала больш за тры гадзіны. Потым, калі стрэлы з боку злачынцаў спыніліся, сапёры пачалі разьмінаваньне падворку, а пазьней і самога дому, які таксама быў замінаваны. На паддашшы будынку былі знойдзеныя целы абодвух злачынцаў. У выніку апэрацыі загінуў адзін, а рознай цяжкасьці раненьні атрымалі аж 15 паліцыянтаў. Разьмінаваньне трывае дагэтуль. На месцы таксама працуюць пажарныя.

Адзін са злачынцаў быў беларусам і былым супрацоўнікам КГБ. Міністар ўнутраных справаў Польшчы Крыштаф Янік пацьвердзіў, што забітыя – небясьпечныя злачынцы, забойцы паліцыянта Робэрт Ц. і Ігар П. Прычым, як сказаў польскі міністар, Ігар П. быў злачынцам “надзвычайна небясьпечным і добра ведаў, што рабіў”. Міністар Янік пацьвердзіў таксама, што Ігар П. – гэта грамадзянін Беларусі і былы супрацоўнік КГБ, які раней служыў у Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Ігара П. ўжо даўно шукала нямецкая паліцыя.