ЖУРНАЛІСТЫ ДЗЯРЖАЎНЫХ СМІ ВЫЛЯТАЮЦЬ У БАГДАД. КАЛІ ВЕРНУЦЦА – НЕВЯДОМА

Ігар Карней, Менск

Тое, што ад папярэдніх 17 заявак журналістаў на падарожжа ў перадваенны Багдад у выніку засталіся толькі пяць, наўпрост залежала ад пазыцыі гэтых выданьняў у асьвятленьні ірацкае тэмы. Усе з зацьверджаных амбасадаю СМІ да беларуска-ірацкіх стасункаў ставяцца з павагаю, і асабіста амбасадар Іраку даваў дазвол на выезд прадстаўнікам гэтых выданьняў. Іншыя расчараваныя неабавязковасьцю гаспадаровага боку. Распавядае супрацоўніца аддзелу палітыкі газэты “Вечерний Минск” Вольга Языковіч.

(Языковіч: ) “Мяне запрасіў асабіста амбасадар, калі быў у нас на экскурсіі. Але цягам часу справа заціхла. Я сама колькі разоў тэлефанавала ў амбасаду; мне казалі, што запросяць адразу, як толькі можна будзе ехаць зь бясьпекаю для жыцьця. Магу, у сваю чаргу сказаць, што не я адна зьбіралася, шмат хто жадаў. Але мы зразумелі, што нас больш не запрашаюць”.

Дарэчы, у той самы дзень, 7 сакавіка, апроч журналісцкага чартэру іншым рэйсам, праз Стамбул, адлятае на радзіму і мэр Багдаду Аднан Абед Хамед. Магчыма, самалёт “Белавія” на зваротным шляху возьме на борт двух супрацоўнікаў беларускай амабасады ў Іраку. І якраз з гэтай нагоды беларускія журналісты болей за ўсё нэрвуюцца: прынамсі, калі арэндаваны ў “Белавія” самалёт мае вылецець назад ужо ў нядзелю, то пра тэрміны вяртаньня з Багдаду журналістаў ірацкія дыпляматы нічога ня кажуць. Таму здымачныя групы тэлеканалаў БТ і ОНТ пакуль што лічаць выправу бестэрміновай.

Што тычыцца журналістаў, якія паляцяць у Ірак, то ўсе яны адмовіліся ад камэнтароў, спасылаючыся на сваё кіраўніцтва, якое катэгарычна забараніла ім даваць інтэрвію на гэтую тэму.

Напярэдадні адлёту пляны ірацкай амбасады ледзьве не былі сарваныя, бо кіраўнікі шэрагу СМІ палічылі за лепшае не даводзіць справу да рызыкоўнай авантуры. Так, рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч ахвотным ляцець у Багдад нават прыгразіў звальненьнем. Некаторыя журналісты, прыкладам, карэспандэнты каналу СТВ, самі адмовіліся ад паездкі. Тое ж зрабілі карэспандэнты газэтаў “Рэспубліка”, “Звязда”, “Народная газета”.

Тым часам, беларускія ўлады дэманструюць свае прыязныя стасункі зь ірацкім рэжымам. Напярэдадні візыту ў Менск мэра Багдаду было абвешчана пра новыя кантракты на пастаўку ў Ірак трактараў “Беларус” і спэцтэхнікі “Белкамунмашу”. У часе перамоваў багдадзкі мэр і менскі кіраўнік дамовіліся пра магчымасьць накіраваньня ў Ірак беларускіх адмыслоўцаў у водазабесьпячэньні й каналізацыі. У прэсе шырока абмяркоўваецца магчымы напрыканцы сакавіку візыт у Менск прэзыдэнта Нацыянальнай алімпійскай асацыяцыі Удая Хусэйна — прыезд старэйшага сына Садама фармальна зьвязваецца з турнірам у вольнай барацьбе, у якім возьмуць удзел і ірацкія спартоўцы.