ПАЧАЎСЯ СУД НАД БАЦЬКАМ І СЫНАМ КАЗЕКАМІ, ЯКІХ АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У АТРЫМАНЬНІ 100 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ ХАБАРУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нагадаем, былы кіраўнік канцэрну “Белдзяржхарчпрам” Віктар Казека быў арыштаваны праз тры месяцы пасьля таго, як затрымалі ягонага сына, адказнага супрацоўніка менскага гарэлачнага заводу “Крышталь” Андрэя Казеку.

Амаль год Казекі ўтрымліваюцца ў сьледчым ізалятары Менску. Іх абвінавачваюць у шэрагу эканамічных злачынстваў, у тым ліку атрыманьні 100 тысяч даляраў хабару ад гандляроў каньячным сьпіртам. Самі Казекі лічаць, што зь імі расквіталіся канкурэнты, якія знайшлі апекуноў ва ўладных колах краіны.

Справа адметная таксама тым, што паводле яе быў распачаты крымінальны перасьлед вядомай журналісткі Ірыны Халіп. Гэта адбылося пасьля таго, як яна агалосіла шэраг матэрыялаў, нібыта датычных да справы бацькі й сына Казекаў.