"ПРЫЗНАНЬНЕ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ БЕЛАРУСІ – ГЭТА ШАНЕЦ ДЛЯ БЕЛАРУСКІХ УЛАДАЎ”

Юры Дракахруст, Прага

"Прызнаньне Нацыянальнага сходу Беларусі Парлямэнцкай Асамблеяй АБСЭ – гэта шанец для беларускіх уладаў даказаць правату тых, хто заяўляў, што прыняцьце Беларусі ў Асамблею сапраўды прывядзе да дэмакратычных рэформаў", – заявіў прадстаўнік ЗША ў АБСЭ. Ён прыгадаў ранейшыя заявы беларускага ўраду аб тым, што ў выпадку прыняцьця парлямэнту Беларусі ў лік паўнапраўных сябраў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Беларусь зробіць рэальныя крокі для выкананьня прынцыпаў і патрабаваньняў гэтай арганізацыі.

“Такім чынам, цяжар адказнасьці за прыняцьце канкрэтных мераў для выкананьня гэтых умоваў пры садзейнічаньні місіі АБСЭ ў Менску цалкам будзе ляжаць на беларускім урадзе", – падкрэсьліў Стывэн Мінэкес. Паводле яго словаў, многія дэлегацыі прагаласавалі за прадастаўленьне месца ў Асамблеі для беларускай дэлегацыі на падставе працэдурных патрабаваньняў. Пры гэтым, аднак, яны адзначалі, што ў Беларусі "па-ранейшаму не назіраецца прагрэсу ў спыненьні рэпрэсіяў, забесьпячэньні свабоды мэдыяў, наданьні парлямэнту неабходных паўнамоцтваў, а таксама прывядзеньні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі".

ЗША, заявіў Стывэн Мінэкес, падтрымліваюць пакрокавую стратэгію ў дачыненьні да Беларусі, а таксама мяркуюць, што крокі, накіраваныя на дэмакратызацыю і выкананьне правоў чалавека, неабходна рабіць і надалей. "Грэбаваньне дэмакратычнымі стандартамі не павінна ўзнагароджвацца, – сказаў ён. – Дагэтуль мы так і ня ўбачылі нейкіх прыкметаў праяўленьня да іх павагі з боку Беларусі".