БЕЛАРУСКІЯ АДМЫСЛОЎЦЫ ПАКУЛЬ НЕ ЗЬБІРАЮЦЦА ЗЬЯЖДЖАЦЬ ЗЬ ІРАКУ

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня ў Іраку непрацоўны дзень, і Аляксей — адзіны, хто падышоў да тэлефона ў офісе беларускай фірмы “Белмэталэнэрга”. Сваё прозьвішча ён не назваў і ўвогуле ў адказах на пытаньні быў нешматслоўны. Уражаньне, што начальства, якое пакінула Аляксея дзяжурыць, загадала да мінімуму скараціць кантакты з прэсай. Аляксей усё ж падзяліўся некаторымі зьвесткамі пра жыцьцё ў Іраку. Па-першае, ён сказаў, што калі зь Менску прыйдзе загад тэрмінова вяртацца дамоў, ён будзе выкананы вельмі хутка.

(Аляксей: ) “Для нашай бясьпекі зроблена ўсё, што трэба. Вельмі добра ўсё падрыхтавана, вызначана, як мы пакінем Багдад, на дарогу ёсьць усё неабходнае. Мы гатовыя выехаць у любы момант”.

Аднак, як будуць эвакуавацца беларусы з Іраку, самалётам ці на джыпах праз пустыню, мой суразмоўца не ўдакладніў. Увогуле, што да Аляксея, ён ня бачыць патрэбы ў эвакуацыі, бо ня верыць, што вайна супраць Іраку пачнецца. Аляксей кажа, што і ў астатніх пяці супрацоўнікаў фірмы “Белмэталэнэрга” падобныя настроі. “Ніхто ў нас не панікуе, ня просіцца хутчэй дадому. Мы працуем паводле асабістых кантрактаў, якія яшчэ ня скончыліся”, — патлумачыў Аляксей.

Мае спробы высьветліць, якую дакладна прыцу выконваюць у Іраку Аляксей і ягоныя калегі, аказаліся марнымі. Калі я спытаўся, ці не зьвязаная гэтая праца з вайсковай галіной, Аляксей увогуле нічога не адказаў.Таксама не адказаў ён і на пытаньне, колькі зарабляе. Затое больш ахвотна размаўляў пра надвор’е — паведаміў, што ў Багдадзе сёньня было 25 градусаў цяпла, і гэты пэрыяд лічыцца тут найлепшым, бо пазьней будзе вельмі сьпякотна.

Яшчэ Аляксей выказаў некалькі камплімэнтаў іракцам. Што добрыя і прыязныя людзі, зусім не выглядаюць напалоханымі магчымай вайной. Прыкладам, сёньня, як звычайна ў пятніцу, на вуліцах шмат вясёлых людзей, якія адпачываюць. А яшчэ тыя іракцы, зь якімі знаёмы Аляксей, ставяцца да беларусаў вельмі добра, лічаць іх сябрамі.

Аляксей ня ведае пра тое, што ў Беларусі некаторыя выказалі жаданьне паехаць у Ірак, каб быць там “жывым шчытом” супраць вайны. Ня бачыў ён у Багдадзе і замежнікаў, якія ўжо нібыта прыехалі з такой місіяй. Але збольшага ён прызнаў, што пра становішча ў Іраку ведае няшмат, бо мовы не разумее і мясцовае тэлебачаньне не глядзіць, а перамяшчэньні па горадзе вельмі абмежаваныя.

Паводле маіх дадзеных, прадстаўніцтва фірмы “Белмэталэнэрга” ў Іраку дзейнічае ўжо больш за 10 гадоў. Ва ўсялякім разе, дакладна вядома, што некаторыя супрацоўнікі фірмы былі ў Багдадзе падчас бамбаваньняў у 1991 годзе. Менавіта праз гэтую фірму ажыцьцяўляюцца ўсе пастаўкі зь Беларусі ў Ірак, і калі туды пастаўлялася зброя, то ў “Белмэталэнэрга” пра гэта павінны добра ведаць. Але мой суразмоўца на гэтую тэму размаўляць адмовіўся.