ГОМЕЛЬСКІЯ СТУДЭНТЫ НЯ ВЕДАЮЦЬ, ЗА КАГО ГАЛАСУЮЦЬ

Казімер Яноўскі, Гомель

Вялікія натоўпы студэнтаў зьбіраюцца ледзь ня кожны перапынак на выбарчым участку №49, што разьмешчаны на першым паверсе гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэту. Паводле зьвестак камісіі, за два дні тут прагаласавалі 427 студэнтаў. Гэта складае 16% ад унесеных у выбарчыя сьпісы. Сёньня да абеду тут зноў галасавалі прыкладна паўтары сотні студэнтаў-выбарцаў.

Якім чынам стымулюецца актыўнасьць, распавядае старшыня ўчастковай выбарчай камісіі, выкладчыца Любоў Разумава:

(Разумава: ) “Добра ідзе галасаваньне. Была праведзеная работа ініцыятыўнымі групамі, і студэнты ідуць галасаваць, яны зацікаўленыя. У нас вывешаныя ўлёткі кандыдатаў у дэпутаты. Яны цікавяцца, чытаюць — і галасуюць”.

Улёткі пра чатырох кандыдатаў у дэпутаты абласнога і гарадзкога саветаў сапраўды ёсьць, але вісяць яны збоку ўнутры памяшканьня. З трох дзясяткаў студэнтаў, што прыйшлі галасаваць на перапынку а 13-й гадзіне, ніхто да ўлётак кандыдатаў так і не падышоў.

Ці ведаюць студэнты, за каго аддаюць галасы? Адказвае другакурсьнік Дзьмітры:

(Дзьмітры: ) “Не, ня ведаў. Так прыйшоў, паставіў, і усё. Не было нават дзе пачытаць”.

Трэцякурсьніцы Тацяна і Юля таксама прагаласавалі. Ім слова:

(Тацяна: ) “Мы галасавалі супраць усіх, бо нікога ня ведаем”.

(Юля: ) “Як мы можам галасаваць?! Мы зь іншага гораду. Нікога ня ведаем. Ніякіх адносінаў да іх ня маем. Першы раз сёньня прозьвішчы ўбачылі. Я лічу, што студэнтам ня з Гомеля наагул ня трэба было б галасаваць”.

Нягледзячы на досыць актыўнае галасаваньне, камісіі не даюць назіральнікам вынікаў датэрміновага галасаваньня. Распавядае каардынатар назіральнікаў ад дэмакратычных арганізацыяў у Савецкім раёне Гомеля Васіль Палякоў:

(Палякоў: ) “На ўсіх участках, дзе мы спрабавалі атрымаць інфармацыю, нам яе не давалі. І толькі на адным 44-м участку паведамілі, колькі ў іх бюлетэняў і колькі выбарцаў”.

На выбарчы ўчастак №41 у Доме тэхнічнай творчасьці назіральніка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Кундата напачатку наогул не пусьцілі. Камісія згледзела, што назіральнік прапісаны ў Гарадзенскай вобласьці, адкуль ён родам. Гэта і паслужыла падставай не пускаць яго на выбарчы ўчастак.