ВІНЦЭНТ СОЛТАН

Севярын Квяткоўскі, Івянец

Жыхар Івянца Вінцэнт Солтан узначальвае філію Партыі БНФ Валожынскага раёну і вылучаўся ў кандыдаты Івянецкага пасялковага савету менавіта ад партыі. У Івянцы Солтана добра ведаюць — найперш як майстра сталярнае справы і выдаўца незалежнае газэты “Сутокі”. Ці мае кандыдат шанцы на перамогу? Што яго штурхае да змаганьня за дэпутацтва? Што зьмяніў і што хоча зьмяніць у родным мястэчку? Хто ён — апазыцыйны кандадат невялікага гарадку?

Вінцэнт Солтан спакойны, ураўнаважаны чалавек, які ведае, чаго хоча ад жыцьця. У ім спалучаюцца сьціпласьць і рашучасьць. Ягонае месца працы — сталярка на падворку ўласнае сядзібы. Ягоны абшар — Валожынскі раён. Ягоны інтарэс — уся Беларусь.

(Солтан: ) “Арыентуюся ня толькі на сяброў партыі. Таму што часта так бывае, што ад людзей, якія не зьяўляюцца сябрамі ніякай палітычнае партыі… Яны робяць нашмат больш карыснага, як і для нашай партыі, так і для краіны”.

Вінцэнту Солтану хочацца ведаць, як зьмянілася сьвядомасьць івенчукоў. Як яны ўспрымаюць абрэвіятуру БНФ, якую нясе не начальнік, не дырэктар, і нават не галоўны інжынэр — індывідуальны прадпрымальнік. Такім чынам, скіруемся ў Івянец на вуліцу Юбілейную да сядзібы Вінцэнта Солтана.

Вуліца Юбілейная знаходзіцца ў Івянцы на ўскрайку, побач — Налібоцкая пушча. Вуліца ня надта вялікая: пара дзясяткаў дамоў, але збольшага дыхтоўных, выглядаюць прыстойна. Калі вы патрапіце на Юбілейную вуліцу і пабачыце над адным з дамоў бел-чырвона-белы сьцяг — ведайце, што гэта дом Вінцэнта Солтана, і ці ў краіне, ці пэрсанальна ў яго сьвята.

Неўзабаве сьцяг залунае. Калі не 2-га, дык 25-га сакавіка абавязкова. Перш як зайсьці ў хату, гутару з суседзямі Солтана:

(Маладая жанчына: ) “Чалавек харошы Вінцэнт. І па-чалавечы, і ўвогуле як сусед. Добраўпарадкаваньне вуліцы, і вось нават ялінкі ў яго ля дому пасаджаныя, ён жа й газэту выпускае. Ну, я думаю, такога чалавека ў дэпутаты можна. Апазыцыянэр — якая розьніца? Якая партыя — ягоная асабістая справа. Галоўнае, што ён за людзей”.

(Спадар: ) “Ён і так увогуле як дэпутат на гэтай вуліцы. Тут і газ вялі, ён усё гэта арганізоўваў. І ліхтары арганізаваў, ліхтароў-та не было на гэтай вуліцы”.

(Спадарыня: ) “Яны харошыя людзі. Усялякае вырабляе… Як і я на швачнай машыне, так і ён”.

Каб даведацца, што вырабляе Вінцэнт Солтан, увойдзем на падворак. Першае, што кідаецца ў вочы — невялікі басэйн. Гадоў дзесяць таму валоданьне ўласным басэйнам раўнялася да рэгулярных паездак на таксоўцы ў “булачную”. Пэўна, у гаражы мусіць стаяць ня менш, як “Ролс-Ройс”. Але там — пэнсійнага веку “Жыгуль”.

Сэрца падворка — сталярка. Сьціплая, толькі самыя неабходныя інструмэнты. Гаспадар хацеў бы пашырыць вытворчасьць, але пакуль бракуе фінансаў. Займаецца найперш вокнамі й дзьвярыма. На ўваходзе шмат у якія прыватныя дамаы і дзяржаўныя ўстановы Івянца Вінцэнт Солтан можа сказаць:

(Солтан: ) “Тутака мае дзьверы стаяць”.

Зрэшты, майстра робіць і мэблю, і балясы, і шмат чаго іншага. Яшчэ нядаўна да яго па замовы запісваліся ў чаргу:

(Солтан: ) “Зьменшыўся попыт. Чаму? Таму што людзі зьбяднелі, няма за што будавацца зараз”.

За сталяркай у глыбі садочка бачныя колькі вульляў. Вінцэнт кажа — не для заробку, а для душы.

(Солтан: ) “Яны як бы разумныя істоты побач з табой жывуць, лётаюць. Цікава назіраць за іхным жыцьцём”.


* * *
Нядаўна мясцовыя ўлады прысудзілі Вінцэнту Солтану прэмію за “ўзорна-паказальны” дом. Але шыльду на свой дом ён вешаць ня стаў. Маўляў, што ж вы беларускаму нацыяналісту на расейскай мове напісалі. Зрэшты, з уладамі Вінцэнт ня сварыцца. Як і з усімі астатнімі людзьмі. Вінцэнт Солтан верыць, што заўжды можна пайсьці на канструктыўны дыялёг.

Я наведаў цяперашняга старшыню Івянецкага пасялковага савету Антона Ахрэма.

(Карэспандэнт: ) “У нас прынята пужаць, маўляў, бээнэфавец-апазыцыянэр…”

(Ахрэм: ) “Ну склаўся такі стэрэатып у грамадзтве, што калі БНФ, значыць гэта абавязкова штосьці кепскае. Ведаю я суполку івянецкую. Ну людзі як людзі, нармальныя людзі. Мы тут нават зь ім размаўлялі, я кажу, каб не адрываліся ў штосьці завоблачнае. Штосьці цяпер трэба рабіць”.

Зрабілі: паўдзельнчалі ў зарыбленьні нядаўна адноўленага ставу. Спадар Ахрэм перакананы, што тым самым мясцовая філія БНФ падняла свой рэйтынг у мястэчку, бо справа канкрэтная, запамінальная для ўсіх. Ці так гэта? Міні-апытаньне я зладзіў далёка ад дому Вінцэнта Солтана — на пляцыку перад пасялковым саветам:

(Хлопец: ) “Калі будзе балятавацца, прагаласую”.

(Спадарыня: ) “Ён, як чалавек, у нас карыстаецца аўтарытэтам”.

(Спадар: ) “Дзядзька не благі. Робіць на сябе. Ну і правільна робіць”.

(Яшчэ спадар: ) “Мне сама падабаецца, што чалавек любіць работу”.

Што да работы, вернемся ў прыватны “ўзорна-паказальны” дом Вінцэнта Солтана. Тут у падпольлі, у шырокіх скрынях — зямля, а зь яе тырчаць невялікія цыбулінкі. Ня верыцца, што праз пару тыдняў цыбулінкі ператворацца ў кветкі — акурат да 8 сакавіка, калі самы продаж:

(Солтан: ) “Сотні дзьве даляраў, спадзяюся, буду мець”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат увагі патрабуюць тульпаны?”

(Солтан: ) “Летам яны патрабуюць. Больш мая жонка займаецца (сьмяецца). Я тады злую летам, што ў мяне ёсьць іншыя справы. А жонка кажа, што трэба іх тамака дапамагчы пасадзіць, дапамагчы выкапаць, дапамагчы перабраць”.

Вось і адказ на пытаньне “кім працуе жонка?” Можна сказаць, “хатняй гаспадыняй”, а можна — “кіраўніком сядзібы”. Ці лёгка быць жонкай грамадзкага дзеяча й апазыцыйнага палітыка? Спадарыня Людміла катэгарычна адмовілася сказаць хаця б слова на дыктафон: можа сьціпласьць, а можа жаночая мудрасьць. Адказаў сам Вінцэнт:

(Солтан: ) “Я скажу, што з жонкай мне пашанцавала. Жонка нармальна ставіцца да гэтай дзейнасьці. І бывае, мне не стае часу, дык яна яшчэ й настойвае: “Ты ж абяцаў, ідзі выканай абяцанае”. Хаця са шматлікіх маіх сяброў, сяброў арганізацыі, я ведаю, што звычайна бываюць канфлікты на гэтай глебе з жонкамі”.

Выглядае, што ў доме Солтанаў канфлікты не займаюць першае месца ў рэйтынгу сямейных падзеяў. Кажа 22-гадовы сын Алесь, ён жа рэдактар заснаванай бацкам газэты “Сутокі”:

(Алесь: ) “Заўсёды мы з бацькам нейкія пытаньні разам вырашаем”.

(Карэспандэнт: ) “Узаемная крытыка існуе?”

(Алесь: ) “Ёсьць пытаньні па мэтадах”.


* * *
Вінцэнт Солтан кажа, што ўсьвядомленую беларушчыну пераняў ад свайго бацькі Вінцэнта Солтана-старэйшага.

(Солтан: ) “Пакашу атаву, пакашу я зельле,
Шыкуй, дзеўка скрыню, шыкуй на вясельле,
Прыдбай, дзеўка, мёду за наш край чароўны,
Я ж яе за косы, у чырвонай хустцы,
Аддам сэрца й душу табе, беларусцы”.

1 верасьня 1939 году старэйшы Солтан сустрэў у шынэлі Войска польскага. Патрапіў у нямецкі палон, здолеў вызваліцца, пазнаёміўся зь беларусамі Бэрліна. Па вайне старэйшы Солтан вырашыў не эміграваць, а вярнуцца на родны хутар пад назвай Зьвярынец — 10 кілямэтраў ад Івянца. Вярнуўся разам зь беларускімі вершамі й песьнямі. Дзе ёсьць месца песьні, там ёсьць месца й чарцы.

(Солтан: ) “Прывозілі мне знакамітую “Старадароскую”, усё ж такі мне свая Івянецкая лепш спадабалася. Справа перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне. І за польскім часам рабілі, і цяпер робяць. Кожны, напэўна, мае сваю адметнасьць, сваю тэхналёгію, але ўсе яны падобныя ў канчатковым выніку”.

Сьведчу: канчатковы вынік выдатны. Вінцэнт Солтан чалавек гасьцінны. Ён ганарыцца такімі гасьцямі, як Зянон Пазьняк і Рыгор Барадулін, гасьцямі з Амэрыкі й Чэхіі. А сапраўды, у Івянцы ёсьць што паказаць гасьцям:

(Солтан: ) “Тут неяк захаваўшыся шляхетныя традыцыі яшчэ ад былых часоў. Яшчэ пры Польшчы на ўезьдзе ў Івянец стаялі шыльды “Iwieniec — czyste miasto”. Ганаруся тым, што я жыву ў Івянцы. Усё ж, Івянец — гэта не Валожын, гэта нашмат прыгажэй, ну й народ больш шляхетны”.


* * *
Менавіта ў валожынскія начальнікі прыдумалі, што хаця б у адной акрузе Івянца выбары мусяць быць альтэрнатыўнымі. І абралі акругу Вінцэнта Солтана. А ў якасьці канкурэнта выставілі сябра Вінцэнта Казімера Бібіка.

(Бібік: ) “Як у нас быў сход, дык палічылі, што па той акрузе адзін, адзін, а тут у нас альтэрнатыва. У чым справа, можна толькі здагадвацца”.

Казімер Бібік — дырэктар музычнай школы, адной з найлепшых у Менскай вобласьці. З Солтанам сябруе ўжо трыццаць гадоў. У адзіным Казімер перакананы — лепшага дэпутата для Івянца ад сваёй акругі, як Солтан, цяжка прыдумаць:

(Бібік: ) “Ёсьць дэпутат, які прыходзіць сумленна на кожны сход, і больш нічога. А гэты чалавек, яму карціць, яму хочацца нешта лепшае зрабіць. Такія, як ён, яны будуць нешта варушыць, варушыць начальства. Такія цяпер патрэбныя людзі”.

Дык якія варыянты? Выбар не вялікі: альбо сяброўства, альбо начальства:

(Бібік: ) “Справа ў тым, што ў мяне нагрузка. Тут колькі ўсялякай работы. І я сябра… кама прафсаюза, яшчэ й дэпутатам, прыйдзецца начаваць тут”.

На разьвітаньне Казімір Бібік дае зразумець, што да 2 сакавіка знойдзе варыянты вырашэньня сытуацыі.

У выпадку абраньня Солтан ня станецца першым апазыцыянэрам у гісторыі пасялковага савету. Цягам васьмі папярэдніх гадоў Івянцы дэпутацтваваў сябра БНФ, колішні кіраўнік раённай арганізацыі Алег Раманоўскі, дырэктар музэю Дзяржынскага. Алег Раманоўскі расчараваўся і ў дэпутацтве, і ў палітыцы як такой. Сумняецца ён і ў дэпутацкай кар’еры Вінцэнта Солтана:

(Раманоўскі: ) “Такія людзі ня робяць палітыку. На іх трэба рабіць стаўку, калі трэба, напрыклад, да Сьвятадухаўскага манастыра прыбіць крыж. Гэта ён зробіць. Але палітыкай ён ня здольны зрабіць тое, што трэба зрабіць для нас для ўсіх”.

Вінцэнт не крыўдуе на прыяцеля:

(Солтан: ) “Няма ў мяне ворагаў (сьмяецца), здаецца. Можа, больш па-філязофску стаўлюся да людзей”.

А раённыя чыноўнікі?

(Солтан: ) “Я ў сваёй дзейнасьці строга прытрымліваюся рамак закону. Бачу, што яны вымушаныя лічыцца са мной”.

А калі не абяруць дэпутатам? “Для мяне дэпутацтва — найперш сродак пашырыць людзкую аўдыторыю, — кажа Вінцэнт Солтан. — А канкрэтных справаў і без таго хапае. Напрыклад, на сваёй Юбілейнай вуліцы асфальт пакласьці трэба, вясной ды восеньню не праехаць. Так ня можа быць: Івянец — чыстае места”.