“МЯСЦОВЫЯ ВЫБАРЫ Ў БЕЛАРУСІ БУДУЦЬ ТАКІЯ, ЯК ЗА ЧАСОЎ СССР”

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Gazeta Wyborcza” – штодзёньнік, які з усіх польскіх выданьняў надае, бадай, найбольш увагі падзеям у Беларусі, у сёньняшнім артыкуле надзвычай падрабязна аналізуе цяперашнюю выбарчую кампанію.

На пачатку у матэрыяле распавядаецца пра яшчэ восеньскія беспасьпяховыя спробы апазыцыі і некаторых дэпутатаў палаты прадстаўнікоў давесьці да зьмены выбарчага заканадаўства, каб цяперашнія выбары ў мясцовыя саветы былі больш дэмакратычныя, каб можна было пазьбегнуць сытуацыі мінулых выбарчых кампаніяў, калі ўлады свабодна адхілялі ад удзелу ў выбарах “нязручных” кандыдатаў ці не дапускалі прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў і арганізацыяў трэцяга сэктару ў выбарчыя камісыі. Улады, аднак, на гэта не пайшлі.

“Gazeta Wyborcza” падае словы прадстаўніка Цэнтральнай выбарчай камісыі Мікалая Лазавіка, які сказаў, што ЦВК усё роўна, будуць гэтыя выбары прызнаныя міжнароднай супольнасьцю ці не.

Шэраг рашэньняў Цэнтральнай выбарчай камісіі ў артыкуле акрэсьліваюцца як абсурдныя. Сярод іх, напрыклад, кантроль уладамі месцаў, дзе кандыдаты ў дэпутаты могуць сустракацца са сваімі выбаршчыкамі.

Але найбольш незразумелым, паводле “Gazety Wyborczej”, ёсьць дазвол выбарчым камісыям на вырабленьне бюлетэняў для галасаваньня самастойна – на друкарцы ці нават уручную, пры дапамозе звычайнай асадкі.

У артыкуле адзначаецца таксама, што сярод усіх асобаў, што не былі зарэгіставаныя кандыдатамі ў дэпутаты, каля паловы – прадстаўнікі апазыцыі, а ў 93% выбарчых акругаў у Беларусі выбары будуць безальтэрнатыўныя.

“Сытуацыя вакол мясцовых выбараў у Беларусі мае ўсе прыкметы тэатру абсурду”, – гэткія высновы робіць аўтар артыкулу “Мясцовыя выбары ў Беларусі будуць такія, як за часоў Савецкага Саюзу”.