<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>

Ул. інф.

“Песьні няўтульнага паэта”. Чарговая праграма цыклю “Па-за тактам”, эфір 22 лютага

Адам Глёбус ніколі не хадзіў за кампазытарамі з прапановамі напісаць на ягоныя вершы песьні. Тым ня менш, прысутнічае ён у песеньным жанры ўжо 20 гадоў, хоць “Славянскі базар” і дагэтуль — не ягоная стыхія. Нагодай для гутаркі Зьмітра Падбярэскага з паэтам зрабілася выданьне альбому зь песьнямі на вершы Адама Глёбуса. Случайце чарговае выданьне праграмы “Па-за тактам” ў суботу, 22 лютага.


“Вострая брама”. 23 лютага

Гадоў 15 таму Пятро Краўчанка прамовіў фразу, якая стала тады крылатай: дзяржаўнасьць беларускае мовы непазьбежная як сьмерць. Неўзабаве Беларусь атрымала незалежнасьць. Пасьля абраньня першага прэзыдэнта палітычныя афарызмы і сэнтэнцыі скандавалі шматтысячныя дэманстрацыі: "Беларусь у НАТО – Лукаша за краты", "Луку на муку" – можна было пачуць на менскіх вуліцах. Але вось ужо колькі гадоў нічога новага ў гэтым жанры кароткага трапнага выказваньня не ствараецца. Аўтарскія афарызмы выдаюцца кнігамі або жывуць у вузкіх творчых суполках. У грамадзкай сфэры Беларусі трапна і дасьціпна выказваецца сёньня толькі адзін чалавек. Быццам разам з узурпацыяй улады настала і ўзурпацыя досьціпу. Мова іншых палітыкаў – няяркая і незапамінальная. Што адбываецца з афарызмам, трапнай сэнтэнцыяй, дасьціпным выказваньнем? Такая тэма чарговае "Вострае Брамы". У "Вялікай перадачы пра маленькі жанр" бяруць удзел вядомыя палітыкі, літаратары, музыкі, журналісты.


“Праскі акцэнт”. 23 лютага

У гэты чацьвер Парлямэнцкая Асамблея Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе на сваёй сэсіі ў Вене прагаласавала за тое, каб прыняць у склад сваіх сябраў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Чаму Асамблея ўсё ж легітымізавала Нацыянальны сход і чаму гэта адбылося менавіта зараз? Як гэтае рашэньне адаб’ецца на замежнай і нутранай палітыцы Беларусі? Якія зьмены адбудуцца ў стратэгіі апазыцыі?

На гэтыя тэмы разважаюць у “Праскім акцэнце” дырэктар беларускай службы нашага радыё Аляксандар Лукашук, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук і старшыня Сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Мікола Статкевіч. Перадачу, якую падрыхтаваў і вядзе Юры Дракахруст, слухайце ў нядзелю, 23 лютага.


“Вольная студыя”: гутарка зь Ірынай Жарнасек. 23 лютага

Многія пісьменьнікі й мастакі ў сваёй творчасьці зьвярталіся да эвангельскіх сюжэтаў. Насельнікі біблейскага паселішча Гадара — героі аднайменнага апавяданьня Ірыны Жарнасек — праганяюць Хрыста й абіраюць сваім лідэрам хамаватага й жорсткага мясцовага сьвінапаса, які мае рашучы нораў і звык усё рабіць па-свойму, ня раячыся з аднавяскоўцамі. Пісьменьніца лічыць, што за два тысячагодзьдзі хрысьціянства псыхалёгія натоўпу істотна не зьмянілася, і на яго чале лёгка можа апынуцца чалавек, падобны на гадарынскага сьвінапаса... Гутарку Міхася Скоблы з рэдактарам дзіцячага каталіцкага часопісу “Маленькі рыцар Беззаганнай” Ірынай Жарнасек слухайце ў нашай нядзельнай праграме.


“Паштовая скрынка 111”. 23 лютага

У нядзельнай перадачы “Паштовая скрынка 111” вы пачуеце фрагмэнты лістоў, якія даслалі на Свабоду Зыгмунт Зялінскі зь Дзятлава, Уладзімер Гардзейка са Смалявічаў і Алесь Колас з Мазыру.

У лістах, якія чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко, слухачы гэтым разам:
– успамінаюць, як падчас сталінскай дыктатуры ў Заходняй Беларусі зьнішчалі хутары, ссылаючы сялян на расейскую Поўнач;
– распавядаюць пра становішча беларускіх пэнсіянэраў і дзеляцца меркаваньнямі наконт прычынаў заняпаду эканомікі;
– дзеляцца заўвагамі й меркаваньнямі пра некаторыя праграмы Беларускай Свабоды.


Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.