ГАНС-ГЕОРГ ВІК: “КРЫТЫКА ПАЗЬНЯКА ГЭТКАЯ Ж НЕАБГРУНТАВАНАЯ, ШТО І ЛУКАШЭНКАВА”

Ул. інф.

Нашая размова са спадаром Вікам пачалася з пытаньня, ці падтрымаў бы ён рашэньне адносна легітымізацыі Нацыянальнага сходу, калі б браў удзел ва ўчорашнім паседжаньні ПА АБСЭ.

(Вік: ) “Я прыняў бы гэтае рашэньне да ўвагі. Хаця не лічу час для яго прыняцьця ідэальным. Мне не хацелася б нейкім чынам умешвацца ў рашэньні ПА АБСЭ, сярод сяброў якой нямала краінаў былога СССР, у якіх ніколі не было вольных выбараў. Аднак я б працаваў з тым жа ангажэмэнтам і тымі ж мэтадамі, што і раней”.

(Карэспандэнт: ) “Зараз у шэрагах беларускай апазыцыі можна пачуць, што ў кантэксьце восі Парыж–Бэрлін–Масква адбылася легалізацыя падвойнай палітыкі АБСЭ ў дачыненьні да Беларусі, што асаблівую ролю ў гэтай справе адыграла Нямеччына, якая прыклала руку да прызнаньня афіцыйнага Менску ПА АБСЭ...”

(Вік: ) “Магу сказаць, што нямецкая дэлегацыя ў Вене была нібыта расколатая на два лягеры. Размова ішла пра пытаньні тактыкі: як паводзіць сябе ў дачыненьні да сыстэмы, дзе быццам бы і парлямэнт, і прэзыдэнт абраныя дэмакратычным шляхам, аднак пры гэтым грамадзянская супольнасьць знаходзіцца пад прыгнётам.

Канечне, тут ня можа быць нейкай адзінай думкі. Мне падаецца, тое, што рашэньне прынялі цяпер, можа нарабіць шкоды ў дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі ў Беларусі. Іншымі словамі, могуць паглыбіцца непаразуменьні.

Напрыклад, Малафееў ужо заявіў пра перамогу афіцыйнага Менску. Аднак гэта вельмі павярхоўны падыход: хто будзе сядзець за сталом на сэсіі ПА АБСЭ. Што да апазыцыі, то я згодны зь Лябедзькам, у такой сытуацыі яна можа дзейнічаць, распрацоўваць нейкую новую стратэгію адносна стварэньня ўмоваў для правядзеньня ў краіне свабодных выбараў, таго, як выйграваць у часе выбараў. Рабіць тое, чаго дагэтуль не існавала”.

(Карэспандэнт: ) “Аднак вяртаючыся да крытыкі апазыцыі, у тым ліку на ваш адрас. У інтэрвію Радыё Свабода Зянон Пазьняк заявіў, што ўчорашнім рашэньнем Эўропа фактычна ўваткнула іржавы нож у сьпіну незалежнай Беларусі й прадала Беларусь Расеі... Далей ён кажа: што тычыцца былога кіраўніка КНГ АБСЭ Віка, то ён рабіў усё, каб разбурыць БНФ, дэнацыяналізаваць апазыцыю і такім чынам пазбавіць краіну сувэрэнітэту”.

(Вік: ) “Гэта зусім неабгрунтаваная крытыка. Дазвольце мне скарыстацца магчымасьцю, каб сказаць некалькі словаў у сваю чаргу. АБСЭ ня мае ніякіх прававых паўнамоцтваў, каб ствараць нейкія ўмовы для анэксіі Беларусі той жа Расеяй. Што да спадара Пазьняка, то сам ён нічога не зрабіў дзеля таго, каб стварыць шырокую кааліцыю паміж рознымі партыямі й недзяржаўнымі арганізацыямі дзеля будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці. Інакш зьмяніць курс дзяржавы ў бок дэмакратыі немагчыма.

Што да маёй дзейнасьці, то я дапамагаў Кансультацыйнай радзе апазыцыйных палітычных партыяў прыйсьці да такога стану, каб усе гэтыя партыі, уключна з БНФ, аб’ядналіся і былі гатовыя для перамоваў з уладамі, падрыхтаваліся да выбараў як прэзыдэнцкіх, так і парлямэнцкіх. Крытыка спадара Пазьняка сваёй неабгрунтаванасьцю нагадвае мне крытыку Лукашэнкі, які сьцьвярджаў, што я праводзіў тут агентурную выведчую дзейнасьць. І тая, і іншая крытыка абсалютна неабгрунтаваная”.