ЯКІЯ ВАЕННЫЯ ТЭХНАЛЁГІІ БУДУЦЬ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЦА Ў МАГЧЫМАЙ ВАЙНЕ Ў ІРАКУ?

Віталь Цыганкоў, Прага

Яе называюць “e-bomb” – электронная бомба. Дастаўленая крылатай ракетай, бомба мае боегалоўку, выбух якой выклікае высокаэнэргетычную вібрацыю такой сілы, якая павінна расплавіць любую электрычную амуніцыю ў межах дасягальнасьці. Электронная бомба паказала сябе ня вельмі добра падчас выпрабаваньняў, і распрацоўшчыкі меркавалі даводзіць яе да ладу яшчэ на працягу году. Аднак, тым ня менш, у першую ноч вайны з Іракам “і-бомба” будзе ўзарваная над ключавымі каманднымі бункерамі Садама Хусэйна ў Багдадзе. Калі ўсё пойдзе ў адпаведнасьці з плянам, электрычнасьць патухне, кампутары зламаюцца, а тэлефоны замоўкнуць. Садам і ягоныя найбліжэйшыя паплечнікі застануцца ў цемры, чакаючы свайго канца. Прынамсі, гэтак уяўляецца вынік першага дня бамбаваньня Ірака амэрыканскім ваенным штабістам. Пэнтагон называе гэта “шок і жах”. Садам павінен назваць гэта кашмарам.

Агульная мэта амэрыканскай меркаванай бліц-кампаніі супраць Садама ў тым, каб паразіць і дэмаралізаваць ірацкую армію. Настолькі, каб большасьць іракцаў зразумелі, што супраціў бессэнсоўны і склалі зброю, альбо яшчэ лепей – павернулі яе супраць Садама. У першыя 48 гадзінаў вайны, амэрыканскія сілы плянуюць выпусьціць каля 3 тысячаў высокадакладных бомбаў і ракетаў па ірацкіх штабах, камунікацыйных цэнтрах і аб’ектах супрацьпаветранай абароны. У выніку на гэтай стадыі павінны быць забіты Садам, ягоныя сыны і найбліжэйшыя паплечнікі.

А што, калі ўсе гэтыя высокадакладныя ракеты прамахнуцца? Што калі Садам здолее схавацца ў падземных сутарэньнях і распачаць партызанскую вайну на вуліцах Багдада? Тым больш што, як сьцьвярджаюць, Хусэйн мае некалькі двайнікоў. Што калі Хусэйн ужыве хімічную альбо біялягічную зброю супраць амэрыканскіх войскаў, альбо яшчэ горш – у Вашынгтоне ці Нью-Ёрку? Менавіта ў адказ на гэтыя пытаньні амэрыканскія вайскоўцы настойваюць на неабходнасьці нанесьці першы ўдар максымальна моцны і хуткі. ЗША хочуць паралізаваць Хусэйна, перш чым ён здолее нанесьці ўдар у адказ.

Увогуле, як кажуць найвышэйшыя ваенныя стратэгі, гэта можа быць першая вайна інфармацыйнай эры. Яны выкарыстоўваюць словы адначасовасьць і сумяшчальнасьць апэрацыяў, манэўровасьць і высокадакладнае нацэльваньне. Новыя тэхналёгіі распрацоўваліся на працягу некалькіх апошніх гадоў, аднак яны ніколі не выпрабоўваліся ў такім вялікім маштабе. Высокатэхналягічная тэхніка разумная, але разам з тым яна можа быць вельмі крохкай. Пясчаныя буры могуць асьляпіць спадарожнікі і раструшчыць гелікоптэры, абваліць камунікацыцйныя сувязі.

Якая ж новая тэхніка зараз на ўзбраеньні амэрыканскай арміі? “Newsweek” дае вельмі шырокі і падрабязны агляд апошніх дасягненьняў ваеннай прамысловасьці. Пэнтагон будзе ўжываць мноства новай высокатэхналягічнай зброі і амуніцыі ў выпадку вайны. Прадставім некаторыя з найноўшых вайсковых сродкаў.

Нацэльваньне. Унутраная вайсковая кампутарная сетка будзе выкарыстоўваць тэрміналы ў танках і гелікоптэрах, каб перадаваць праз глябальную сыстэму вызначэньня каардынатаў дакладнае разьмяшчэньне ворага на поле бітвы. Спэцыяльныя злучэньні таксама будуць выкарыстоўваць пераносныя кампутары, каб накіроўваць авіяцыю.

Назіраньне і выведка. Войскі будуць выкарыстоўваць шэраг новых тэхналёгіяў для адшуканьня праціўніка і абароны сілаў саюзьнікаў. Рэкагнасцыроўку на мясцовасьці будуць праводзіць невялікія перасоўныя робаты, абсталяваныя сэнсарамі, што могуць праводзіць іх па вузкіх вуліцах ды іншай мясцовасьці, дзе можа хавацца небясьпека.

Для пошуку праціўніка жаўнеры выкарыстоўваюць прыстасаваньне, якое называецца “Вока дракона”. Маленькі, здольны зьмяшчацца ў ранцы марскога пехатынца, гэты двухкіляграмовы выведвальны лятаючы апарат можа трансьляваць відэа на экран, што знаходзіцца на запясьці жаўнера. Бесьпілётныя самалёты такія як Predator (Драпежнік), будуць адыграваць ключавую ролю ў знаходжаньні ірацкіх ракетаў Скад. Зараз у распрацоўцы знаходзіцца новае пакаленьне бесьпілётных апаратаў, якія могуць зьбіраць пробы паветра, аналізаваць іх і перадаваць інфармацыю войскам на зямлі.

Гелікоптэр Апачы, які лічыцца найлепш распрацаваным ваенным верталётам у сьвеце, можа адначасна падбіць 16 танкаў ворага ракетамі на адлегласьці 8 кілямэтраў. Жаўнеры могуць выкарыстоўваць некалькі тэхналёгіяў, каб абараніца ад біяхімічнай зброі, у тым ліку кішэнны электронны дэтэктар пошуку, а таксама сыстэма біяабароны, якая назыецца партальны шчыт.

Новы бамбавік Супер-аса абсталяваны моцным лазэрным датчыкам і можа распазнаваць 4 цэлі адразу. Плюс на ўзбраеньні амэрыканскай арміі зараз нашмат болей высокадакладных бомбаў і ракетаў, чым 10 гадоў таму.

Усе гэтыя тэхналягічныя навінкі і падвышэньне ролі авіяцыі, аднак, не адмяняюць неабходнасьці наземных ваенных дзеяньняў. Амэрыканскія войскі, якія будуць уведзеныя ў Ірак, умоўна падзеленыя на тры фронты. Паўночны фронт – амэрыканскі кантынгент, разьмешчаны ў Турцыі, наступае на Ірак з поўначы, рэгіёну, заселенага курдамі. Заходні фронт – сілы саюзьнікаў перш за ўсё будуць імкнуцца зьнішчыць пускавыя аб’екты на мяжы з Ярданіяй, зь якіх Ірак можа выпусьціць ракеты ў бок Ізраілю. Магчыма, спэцыяльныя апэрацыі па зачыстцы гэтага рэгіёну праходзяць ужо сёньня.

Паўднёвы фронт фармуецца у Кувэйце, куды ўвесь час прыбываюць новыя злучэньні амэрыканцаў і саюзьнікаў. Хуткае прасоўваньне гэтых войскаў можа падштухнуць ірацкіх шыітаў узьняць зброю супраць Садама.

У выніку Пэнтагон плянуе двухтыднёвую ваенную апэрацыю, якая ўяўляецца як наступ з трох накірункаў. Масіўныя авіяатакі будуць папярэднічаць наступу наземных войскаў. Сёньня амэрыканская ваенная сіла ў рэгіёне затокі нават больш магутная, чым была падчас вайны 1991 году. Ад таго часу была праведзеная вялікая мадэрнізацыя тэхнікі і абсталяваньня, і ўдар будзе больш моцным з тысячамі дадатковых адзінак высокададкладнай зброі.

Разам з тым, ірацкая ваенная моц значна зьменшылася. Ірацкая армія зараз складае толькі адну траціну ад памеру, які быў падчас вайны ў Затоцы, і маральна-валявыя характарыстыкі ірацкага войска вельмі нізкія, – сьцьвярджае Пэнтагон. Вайсковы рыштунак не абнаўляўся з 1991 году. Аднак ірацкія ваенна-паветраныя сілы за апошнія гады былі ўзмоцненыя і зараз могуць быць больш магутнымі, чым раней.


Вайна ў Затоцы 1991году была апошняй вайной эры машынаў – кажа генэрал у адстаўцы Робэрт Скайлс. У новай кампаніі ад самага пачатку ЗША паспрабуюць авалодаць ірацкімі радыёхвалямі. Выкарыстоўваючы электронную бомбу, каб пазбавіць Хусэйна магчымасьці ўзаемадзейнічаць са сваім войскам і народам, Амэрыка павядзе гэтак званую псыхалягічную вайну. Новая дыгітальная эра стварае магчымасьці для творчай дэзінфармацыі – жыхары Багдаду могуць пачуць голас Садама Хусэйна, які будзе заклікаць іх кінуць зброю і здацца. З арбітальных самалётаў і высокамоцных прыймачоў на іракцаў будуць трансьляваць радыёперадачы па-арабску, якія будуць імкнуцца пераканаць іх, што амэрыканскія войскі прыйшлі не як акупанты, а як вызваляльнікі.

Мэта вайны ня ў тым, каб зьнішчыць ірацкую армію. Ірацкім жаўнерам будзе сказана – “вы патрэбныя для новага Ірака, ня варта паміраць за Садама Хусэйна”. У Пэнтагоне пашыранае меркаваньне, што большасьць жаўнераў ірацкай арміі ненавідзяць тырана і чакаюць моманту, каб здацца. Але Садам мае каля 15 тысячаў адмысловай Рэспубліканскай гвардыі, якая напэўна будзе біцца, і яшчэ каля трох тысячаў галаварэзаў са злучэньняў гэтак званых спэцапэрацыяў, якія ня маюць аніякага намеру здавацца.

Казырным тузом Садама ёсьць ягоны хіміка-біялягічны арсэнал. Калі Хусэйн не пабаіцца атруціць уласны народ, то тады па дарозе на Багдад амэрыканскія войскі могуць быць уцягнутыя ў вялізную гуманітарную катастрофу, бо вельмі няшмат іракцаў маюць сродкі абароны ад гэтай хімічнай зброі.

Урэшце, Садам не такі безабаронны супраць амэрыканскіх тэхналёгіяў. Найвышэйшыя чыноўнікі Пэнтагону заклапочаныя тым, што Ірак паспарабуе стварыць перашкоды для апаратуры навядзеньня, якой карыстаюцца амэрыканцы. Ірацкія глушыцелі, аднак, маюць маленькі радыюс дзеяньня, і найбольш моцныя зь іх павінны быць знойдзеныя і зьнішчаныя амэрыканскімі самалётамі.

Садам можа зацягнуць большасьць сваіх войскаў у Багдадзкую крэпасьць і прымусіць амэрыканцаў паспрабаваць выкурыць іх адтуль. Раней, асьцерагаючыся перавароту, Садам ніколі не дапускаў канцэнтрацыі вялікіх узброеных сілаў у Багдадзе. Большасьць рэспубліканскай гвардыі раскіданая па ўсёй краіне. Амэрыканцы заўсёды пазьбягалі баёў на вуліцах гораду. Садам можа раздаць зброю цывільным людзям, заклікаючы іх змагацца супраць чужаземных захопнікаў. У такім выпадку войска саюзьнікаў можа паўстаць перад трагічнай дылемай – весьці рашучыя наступальныя баі з пагрозай вялікіх стратаў сярод мірнага насельніцтва альбо захоўваць стрыманасьць, рызыкуючы жыцьцямі сваіх жаўнераў. Відавочна, што вулічныя баі ў Багдадзе – найгоршы сцэнар, якога амэрыканскія ваенныя стратэгі хацелі б пазьбегнуць

Ну і на заканчэньне варта паведаміць, што на сёняшні дзень у рэгіёне Пэрсыдзкай затокі разьмясьціліся каля 200 тысячаў вайскоўцаў амэрыканскага кантынгенту. Гэта найперш элітныя злучэньні марскіх пехатынцаў, а таксама часткі ваенна-паветраных сілаў і дэсантнікаў. Акрамя гэтага, сюды прыбываюць некалькі дзясяткаў тысячаў вайскоўцаў з Брытаніі, Аўстраліі ды іншых краінаў кааліцыі.