АМАЛЬ СОТНЯ БЕЛАРУСКІХ ЖАНЧЫН ГАТОВАЯ ДА ЗЬМЕНЫ ПОЛУ ХІРУРГІЧНЫМ ШЛЯХАМ

Ігар Карней, Менск

Афіцыйныя зьвесткі наконт колькасьці людзей, якія жадаюць зьмяніць свой пол з дапамогай мэдыцыны існуюць. Паводле менскага сэксалягічнага цэнтру, 94 чалавекі стаяць у чарзе на зьмену полу хірургічным шляхам.

Трэба, дарэчы, адзначыць, што папярэдняя да гэтага працэдура вельмі карпатлівая: дазвол на апэрацыю дае адмысловая экспэртная камісія з 15 чалавек пры Савеце міністраў. Рэзалюцыю на кожную апэрацыю накладае непасрэдна міністар аховы здароўя. Зь людьмі, якія падалі заявы на зьмену полу, цягам году праводзіцца сур’ёзная папярэдняя праца. Наступныя тры месяцы пацыенты знаходзяцца пад кантролем псыхіятраў і сэксапатолягаў і ў гэты час прымаюць адмысловыя гарманальныя прэпараты.

Упершыню ў Беларусі была зробленая апэрацыя па зьмене полу ў 1992 годзе, і з тае пары, так бы мовіць, сэксуальная карэктыроўка праводзілася 22 разы. Аднак большай частцы мэдыкі ў апэрацыі адмаўляюць.

Галоўны сэксапатоляг Міністэрства аховы здароўя Дзьмітры Капусьцін канстатуе, што людзям зь нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй і псыхічнымі анамаліямі зьмена полу ў Беларусі ня робіцца. А члены камісіі ў бальшыні выпадкаў сутыкаюцца менавіта з падобнымі выпадкамі. Той жа спадар Капусьцін запэўніў, што ў Беларусі з боку сэксапатлолягаў не было памылак у адзнаках мэтазгоднасьці правядзеньня апэрацыяў зьмены полу.

Хто ж з тых, хто згодны на апэрацыю, больш не задаволены сваім полам — мужчыны ці жанчыны? Мэдыкі кажуць пра ўнікальнасьць сытуацыі на пасьлясавецкай прасторы, падкрэсьліваючы, што ў Беларусі існуе транссэксуальны фэномэн. Калі ва ўсім сьвеце абсалютная бальшыня людзей, якія маюць сындром адмаўленьня полу, — гэта мужчыны, якія хочуць стаць жанчынамі, то ў Беларусі заяўкі на апэрацыю 100-адсоткава падалі жанчыны, якія хацелі бы пераўвасобіцца ў мужчынаў.

Мне не даводзілася сутыкацца зь людзьмі, якія зьмянілі свой пол ці зьбіраліся гэта зрабіць. Але, у прынцыпе, з падобнымі настроямі сутыкнуцца прыходзілася. Недзе гадоў 6–7 таму ў Магілёве праходзіў музычны фэстываль “Беларусь зьбірае сяброў”, арганізаваны Аляксандрам Ціхановічам і Ядвігай Паплаўскай. Там жа Ціхановіч пазнаёміў мяне з танцорам (а зараз і сьпеваком) Барысам Маісеевым (Маісееў нарадзіўся ў Магілёве і прыехаў на радзіму тады ўпершыню за 20 гадоў). Амаль усю ноч у гатэлі ён распавядаў пра свой магілёўскі пэрыяд жыцьця: як ягоная маці ўвесь час перажывала, што нарадзіўся хлопчык, а не дзяўчынка, як яна амаль да шасьці гадоў апранала яго ў сукенкі, завязвала косы. Карацей, ужо ў дзіцячым узросьце ён адчуў, што сапраўды здарылася памылка і ён павінен быў нарадзіцца ня хлопцам.

Я памятаю, як тады Маісееў сказаў: толькі сцэна, дзе ён зарабляе грошы, перашкаджае гэтую памылку выправіць. Маўляў, ёсьць прыхільнікі, якія не даруюць, калі ён перастане быць Барысам, а стане якой-небудзь Барбарай. Але калі на сцэне яму рабіць ужо будзе няма чаго, жаданьне маці ён абавязкова выканае.

Што датычыць коштаў на такія апэрацыі, то ў сэксалягічным цэнтры кажуць, што цьвёрдых расцэнак не існуе, паколькі канчатковы кошт фармуецца зыходзячы з індывідуальных асаблівасьцяў чалавека. Аднак у сярэднім гэта складае каля 1 тысячы даляраў. Задавальненьне для беларускага чалавека дастаткова дарагое, але ў параўнаньні з замежным досьведам гэта амаль бясплатна.

Мэдыкі, зрэшты, кажуць, што кошт мог быць і меншы, але сэксалягічная служба не прызнаная сацыяльна значнай для краіны і цалкам пераведзеная на гаспадарчы разьлік. А навуковых і сацыялягічных дасьледаваньняў падобных зьяваў у краіне не праводзіцца наогул. Так што сэксапатолягам даводзіцца зарабляць на праблемах нетрадыцыйных пацыентаў.