УСЕ ЗАТРЫМАНЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ ШЭСЬЦЯ Ў ДЗЕНЬ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА ПАКАРАНЫЯ АРЫШТАМІ

Любоў Лунёва, Менск

У суд удзельнікаў шэсьця прывезьлі ў другой палове дня. Першым разгледзелі справу Алега Мядзьведзева. Судзьдзя Аксана Рэлява пакарала юнака арыштам на сем сутак. Алег распавёў Радыё Свабода, як зь ім абыходзіўся начальнік РУУС Савецкага раёну Мікалай Бусло:

(Мядзьведзеў: ) “Мяне выклікалі да сп. Бусло ў кабінэт. Ён мяне абражаў рознымі нецэнзурнымі словамі. Я маўчаў. Тады ён выйшаў з-за стала з пытаньнем: “Чаго ж табе трэба!?” Схапіў мяне за бараду, пачаў цягаць у розныя бакі, а потым разы тры ўдарыў мяне па твары. Калі мяне выводзілі, стукнуў па сьпіне. Я буду падаваць заяву ў пракуратуру Савецкага раёну”.

Судзьдзя Руслан Казадаеў арыштаваў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца на 10 сутак. Калі на пачатку судовага паседжаньня Павал заявіў хадайніцтва пра адваката, судзьдзя вынес пастанову адвесьці яго ў спэцпрыёмнік, пакуль нехта ад імя Паўла заключыць дамову з адвакатам. Тады лідэр Маладога Фронту вырашыў абараняць сябе самастойна. Прысуд ня быў нечаканасьцю для Паўла Севярынца. Ён паведаміў Радыё Свабода:

(Севярынец: ) “Рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі ў Дзень сьвятога Валянціна паказваюць, што ўлады баяцца моладзі. Улада баіцца адкрытага супраціву, і таму гэты супраціў будзе працягвацца. Мы добра разумеем, што беручы на ўзбраеньне лёзунг: “Люблю Беларусь!”, мы мусім цярпець за гэтую любоў, абараняць яе і адстойваць. Нават калі нас застанецца некалькі чалавек, адкрыты супраціў будзе працягвацца”.

Такі ж прысуд — 10 сутак арышту — вынесла судзьдзя Аксана Рэлява Артуру Фінькевічу. Яму літаральна за тры дні да затрыманьня споўнілася 18 гадоў. Аксана Рэлява пакарала Петруся Кеўлева арыштам на пяць сутак. Пятрусь Кеўлеў летась скончыў унівэрсытэт у Саксоніі. Вось як ён пракамэнтаваў гэты прысуд нашаму радыё:

(Кеўлеў: ) “Мая апошняя дыплёмная праца была на тэму выкарыстаньня гвалту на дэманстрацыях, праўда, антыглябалісцкіх. Цікава было паглядзець, як гэта выкарыстоўваецца ў Беларусі. Я ўбачыў, што гэта занадта жорстка”.

Судзьдзя Натальля Скугарава арыштавала Зьмітра Філіповіча на сем сутак. Людзі, якія прышлі падтрымаць моладзь, набылі для іх ваду і ежу. Намесьнік лідэра Маладога Фронту Яўген Скочка паведаміў, што сябры арганізацыі маюць намер абвесьціць кампанію збору сродкаў для палітвязьняў.

(Скочка: ) “Мы абураныя тым, што праваабарончыя арганізацыі не аказваюць ніякай дапамогі палітвязьням. Мала таго, што яны ігнаруюць суды, на якіх судзяць людзей за дэманстрацыі, дык яны яшчэ не аказваюць дапамогі тым, хто сядзіць у вязьніцах. Мы скідваліся хто колькі мог, каб купіць ім перадачы. Цяпер, калі людзей пасадзілі на доўгі тэрмін, нам прыйдзецца абвяшчаць нейкую кампанію збору сродкаў”.

Такім чынам, усе затрыманыя ўдзельнікі шэсьця арыштаваныя. У судзе засталася толькі справа сябра Беларускай партыі свабоды Ільлі Ядранцава. Міліцыянты затрымалі яго за некалькі гадзінаў да правядзеньня шэсьця ў Радыётэхнічным унівэрсытэце.

У той дзень Аляксандар Лукашэнка сустракаўся са студэнтамі ўнівэрсытэту. Міліцыянтам не спадабалася бел-чырвона-белая нашыўка на куртцы Ільлі. Яго пасадзілі ў машыну, патлумачыўшы, што ў такім выглядзе тут нельга знаходзіцца. Толькі ўвечары, калі міліцыянты ўзгадалі пра затрыманага хлопца, на яго склалі пратакол за дробнае хуліганства і адвезьлі разам з маладафронтаўцамі ў спэцпрыёмнік. Суд над Ільлём Ядранцавым перанесьлі з-за неяўкі сьведкаў з боку міліцыі.