Разгляд скаргі Барыса Нямцова ў Менскім гарадзкім судзе прыцягнуў увагу журналістаў і грамадзкасьці. Барыс Нямцоў праз свайго адваката Яўгена Лабановіча прасіў адмяніць рашэньне старшыні суду Цэнтральнага раёну Менску Пятра Кіркоўскага. Гэты судзьдзя адмовіўся разглядаць пазоў расейскага палітыка толькі на той падставе, што ніякага афіцыйнага рашэньня ў справе ягонай дэпартацыі КГБ Беларусі не прымаў.
Пра гэта ў сваім лісьце на імя прэм’ера Беларусі Генадзя Навіцкага паведаміў шэф КГБ Леанід Ерын. На думку старшыні Цэнтральнага райсуду, справу Нямцова мусіць разглядаць ня суд, а пракуратура Беларусі.
Барыс Нямцоў аднак вырашыў бараніць свае правы праз суд. Палітык сьцьвярджае, што 23 кастрычніка мінулага году ён быў зь Беларусі менавіта дэпартаваны. Супрацоўнікі КГБ тады затрымалі Барыса Нямцова, які прыляцеў у Менск, каб удзельнічаць у міжнароднай канфэрэнцыі, і празь нейкі час выслалі з краіны.
Пасьля прэсавая служба КГБ заявіла, што спадар Нямцоў знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі. А на думку пракуратуры,Барыс Нямцоў сваімі дзеяньнямі нібыта перашкаджаў беларуска-расейскай інтэграцыі, ды як замежны грамадзянін быў высланы зь Беларусі законна.
Адвакат Яўген Лабановіч даводзіў калегіі Менскага гарадзкога суду, што Нямцоў быў пазбаўлены права на судовую абарону, што ягоная дэпартацыя супярэчыць многім беларуска-расейскім пагадненьням, але безвынікова. Гарадзкі суд адмовіўся задавальняць скаргу Нямцова, і пакінуў у сіле рашэньне судзьдзі ніжэйшай інстанцыі. Аргумэнт той жа — афіцыйнага рашэньня пра дэпартацыю Нямцова не прымалася.
Адвакат Лабановіч так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:
(Лабановіч: ) “Зараз суд займае пазыцыю, што Нямцова ніхто не дэпартаваў. Маўляў, яго проста не пусьцілі на тэрыторыю Беларусі. Але справа ў тым, што ні адно, ні другое не адпавядае беларускаму заканадаўству і тым міжнародным дамовам, якія існуюць паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй. Ні дэпартаваць, ні ўключыць у сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі на сёньняшні дзень грамадзяніна Расеі нельга. Сёньняшняе рашэньне Менскага гарадзкога суду супярэчыць двухбаковым дамовам. Можна казаць, што беларускае кіраўніцтва ўзгадвае пра гэтыя дамовы толькі калі ім выгодна пра іх узгадваць. А калі невыгодна, дык яны й ня ўзгадваюць”.
Гэтае рашэньне будзе абскарджанае ў судзе вышэйшай інстанцыі.