МЗС ПОЛЬШЧЫ ПРАПАНУЕ ПРАЕКТ СТАСУНКАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ З УСХОДНІМІ СУСЕДЗЯМІ

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Польшча ўжо даўно заяўляе пра тое, што пасьля далучэньня да Эўрапейскага Зьвязу палітыка Аб’яднанай Эўропы ў дачыненьні да ўсходніх суседзяў будзе калі ня цалкам кшталтавацца ў Варшаве, дык прынамсі, пад значным уплывам польскага боку.

Аднак афіцыйны праект будучых стасункаў Эўразьвязу зь Беларусьсю, Расеяй, Украінай і Малдовай польскае Міністэрства замежных справаў прапанавала ўпершыню.

Паводле праекту, Брусэль павінен падпісаць гэтак званыя дамовы аб партнэрстве з Украінай і Малдовай, накшталт той, што мае цяпер з Аб’яднанай Эўропай сама Польшча. Дамова аб партнэрстве – гэта значны крок на шляху да будучага ўступленьня ў Эўразьвяз.

Пры гэтым падпісаць такую дамову павіннен мець магчымасьць і Менск, “калі ўнутры Беларусі зьменіцца палітычная сітуацыя”.

Тымчасам, адзначае польскае замежнапалітычнае ведамства, заходнія суседзі павінны мацней падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, мясцовыя самаўрады, незалежныя сродкі масавай інфармацыі ды малы і сярэдні бізнэс.

Паводле праекту, Беларусь, Украіна і Малдова мусяць у будучым мець шанец на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу, “хаця працэс інтэграцыі гэтых краінаў у Аб’яднаную Эўропу напэўна будзе больш цяжкі і доўгі ў параўнаньні зь цяперашнімі краінамі-кандыдатамі”.

“Дачыненьні Эўразьвязу з усходнімі суседзямі павінны адрозьнівацца ў залежнасьці ад ступені разьвіцьця рэформаў у той ці іншай краіне, а таксама ад таго, як замежная палітыка гаэтай краіны і каштоўнасьці, якія яна вызнае, адпавядаюць палітыцы і каштоўнасьцям, прынятым у Аб’яднанай Эўропе”, – гаворыцца ў праекце.

Паводле дадзеных польскага Міністэрства замежных справаў, адзіным усходнім суседам Польшчы, які ўжо з задавальненьнем ухваліў праект, прапанаваны Варшавай, ёсьць Украіна. Пра рэакцыю афіцыйнага Менску ў гэтай справе пакуль нічога не вядома.