НА 40 ДЭПУТАЦКІХ МАНДАТАЎ У ГАРАДЗКІ САВЕТ МАГІЛЁВА ПРЭТЭНДУЕ 86 ЧАЛАВЕК

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Ніводны вылучэнец рэгіянальнай арганізацыі Лібэральна-дэмакратычнай партыі ня стаў кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага гарадзкога савету. Дзесяці лібэрал-дэмакратам адмоўлена ў рэгістрацыі з прычыны адсутнасьці даведкі аб наяўнасьці партыйнай структуры ў абласным цэнтры. Лібэрал-дэмакраты будуць змагацца за дэпутацкія мандаты абласнога, Бабруйскага гарадзкога і Магілёўскага раённага саветаў.

З такой жа праблемай сутыкнуліся і тры вылучэнцы Партыі камуністаў Беларускай, аднак усе патэнцыйныя кандыдаты падстрахаваліся зборам подпісаў і сёньня атрымалі пасьведчаньні аб рэгістрацыі. Усяго зарэгістравана кандыдатамі ў дэпутаты магілёўскіх саветаў усіх узроўняў 59 сяброў ПКБ.

Магілёўская гарадзкая выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі сябру Партыі БНФ “Адраджэньне” Аляксею Паўлоўскаму. Падставай для гэтага стала адсутнасьць даты і подпісу патэнцыйнага кандыдата на заяве аб згодзе балятавацца ў дэпутаты.

Усе 10 вылучэнцаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі у гарадзкі савет зарэгістраваныя, у іх ліку кіраўнікі абласной і Магілёўскай гарадзкой арганізацыяў — Уладзімер Шанцаў і Аванэс Мурадзян.

Паводле папярэдняй інфармацыі, вылучэнцы АГП будуць зарэгістраваныя і кандыдатамі ў дэпутаты абласнога савету. Заўтра атрымаюць пасьведчаньні кандыдатаў у дэпутаты аблсавету таксама лібэрал-дэмакраты і камуністы.

Вылучэнцы партыі жанчын “Надзея” не зарэгістраваныя — зноў з-за таго, што не далі афіцыйнага пацьверджаньня аб наяўнасьці першасных партыйных арганізацыяў.

Афіцыйную інфармацыю аб зарэгістраваных кандыдатах сёньня падала толькі Магілёўская гарадзкая выбарчая камісія. Паводле яе, на 40 дэпутацкіх мандатаў у гарадзкі савет прэтэндуе 86 чалавек. Акрамя лібэрал-дэмакратаў, у рэгістрацыі адмовілі яшчэ 12-ці патэнцыйным кандыдатам — з-за недакладнасьцяў у дэклярацыях і несапраўднасьці сабраных подпісаў.

Сярод кандыдатаў у дэпутаты Магілёўскага гарадзкога савету шмат галоўных лекараў мэдычных установаў, дырэктараў школ, а таксама ўсе тры кіраўнікі раённых адміністрацыяў абласнога цэнтру.