ПЕРШЫ ПАСЬЛЯСАВЕЦКІ ПЕРАПІС НАСЕЛЬНІЦТВА ВА ЎКРАІНЕ

Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Украінцы крытыкавалі ўсе папярэднія перапісы, якія праводзілі царскія ўлады, саветы, аўстрыйцы альбо палякі як неаб’ектыўныя і антыўкраінскія.

У савецкія часы дадзеныя перапісаў ва Ўкраіне звычайна фальшаваліся і скажаліся афіцыйнымі асобамі, да таго ж многія ўкраінцы зманліва ідэнтыфікавалі сябе як расейцаў, бо меркавалі атрымаць з гэтага адмысловыя прывілеі. У тыя часы, калі ўкраінская мова на вуліцах Кіева магла стаць падставай для абвінавачаньня ў нацыяналізме, многія абвяшчалі, што расейская мова была іхнай роднай.

Паколькі папярэднія перапісы былі несправядлівымі і ненадзейнымі, вынікаў перапісу 2001 году чакалі зь нецярпеньнем. Поўная справаздача будзе апублікаваная сёлета, але некаторыя папярэднія дадзеныя ўжо выклікалі ажыўленьне. Яны паказваюць скарачэньне агульнай колькасьці насельніцтва прыблізна на тры мільёны – з 51.5 мільёнаў у 1989 годзе да 48.5 мільёнаў у 2001.

Для многіх найбольш хвалюючы аспэкт папярэдніх вынікаў – дадзеныя пра колькасьць этнічных расейцаў і расейскамоўных грамадзянаў. У мінулае дзесяцігодзьдзе расейцы Ўкраіны вялі кампанію за абвешчаньне расейскай мовы другой дзяржаўнай ды павелічэньне колькасьці школаў з расейскай мовай навучаньня.

Прадстаўнікі ўраду, якія моцна трымаюцца нацыянальнай ідэі, адкідалі такія прапановы, яны кажуць, што пытаньне ўкраінскай мовы вельмі істотнае для нацыянальнай самаідэнтыфікацыі і наданьне расейскай мове статусу другой дзяржаўнай зьнішчыць украінскую мову.

Папярэднія перапісы сьведчылі пра зьмяншэньне колькасьці ўкраінцаў з 76.8% у 1959 годзе да 72.7% у 1989. У той самы час колькасьць тых, што назвалі сябе расейцамі, узрасла больш як на 22%.

Новыя статыстычныя дадзеныя паказваюць на адваротную хаду тэндэнцыі з самаабвешчанымі расейцамі. Іхная колькасьць зьменшылася да 17.3% у той час як колькасьць украінцаў павялічылася да 77.8% ад агульнай колькасьці насельніцтва.

Дадзеныя спалохалі расейцаў Украіны, шмат хто зь якіх абвінаваціў украінскіх афіцыйных асобаў у падробцы вынікаў. Адзін вядомы сябра Аб'яднаньня расейцаў Украіны назваў вынікі перапісу бюракратычнай спробай вырашыць непрыемнасьці адносна расейскамоўнага насельніцтва шляхам асыміляцыі яго ўкраінскім грамадзтвам.

Расейцы – не адзіныя, хто не згаджаюцца з вынікамі перапісу. Любоў Стэльмах – прадстаўніца Ўкраінскага Дзяржаўнага Статыстычнага Камітэту, які праводзіў перапіс, кажа, што ўкраінскія нацыяналісты таксама выступілі з крытыкай. Яны лічаць, што колькасьць украінцаў павінна быць большай: “Вельмі шмат было гістэрыі падчас самога перапісу, як з боку ўкраінскіх нацыяналістаў, так і з боку расейцаў, што ў пэўнай ступені зашкодзіла перапісу насельніцтва. Нават цяпер, калі сустракаюцца ўкраінцы і расейцы, яны ўзаемна абвінавачваюць адно аднога ў парушэньнях”.

Стэльмах сказала, што яна не сумняваецца ў тым, што перапіс прайшоў бездакорна і дадала, што Канстытуцыя Ўкраіны дае права грамадзянам пераправерыць свой перапісны ліст, пасьля таго як ён быў запоўнены перапісчыкам. Яна кажа, што ў часе перапісу не было ніякіх фальсыфікацыяў ці маніпуляцыяў:

(Стэльмах: ) “Практычна, гэты перапіс праводзілі людзі, якія набіраліся са звычайных украінскіх грамадзянаў, таму што штатам органаў статыстыкі гэты перапіс было правесьці немагчыма. Набіралася больш як 200 тысячаў грамадзянаў Украіны, якія і праводзілі перапіс. Тут былі і ўкраінцы, і расейцы, і крымскія татары, і габрэі, і іншыя”.

Перапіс паказвае, што адзіная вобласьць Украіны, дзе пераважае расейскае насельніцтва – гэта Крым. Хаця некаторыя сацыёлягі кажуць, што сапраўдная лічба можа быць меншай. Колькасьць асобаў, якія назвалі сваёй роднай мовай украінскую, вырасла ва ўсёй краіне на 3% – з 64.7% у 1989 годзе да 67.7% сёньня.

Павелічэньне колькасьці ўкраінцаў і ўкраінскамоўных грамадзянаў тлумачыцца тым, што яны не адчувалі на сабе прэсінгу савецкай сыстэмы перапісу і адчувалі сябе больш свабодна ў пытаньнях самаідэнтыфікацыі – кажа Стэльмах.

(Стэльмах: ) “У нас узрасла колькасьць украінцаў у расейскіх рэгіёнах. Гэта ўсходнія рэгіёны: Данбас і паўдзённыя вобласьці. Калі там працавалі расейскія спэцслужбы, то, прабачце, карціна атрымлівалася зусім іншая. Колькасьць украінцаў узрасла, бо самасьвядомасьць украінцаў у часе гэтага перапісу была вышэйшая, чым у часе перапісу 1989-га году. Усё ж такі яны дадумаліся, хто яны ёсьць сапраўды”.

Кіраўнік Незалежнага Ўкраінскага Інстытуту Дзяржаўнасьці й Дэмакратыі Іван Лазавы кажа, што перапіс паказвае, што ва Ўкраіне ідзе “моцны і здаровы працэс нацыянальнай кансалідацыі”. Ён думае, што многія дзеці ўкраінска-расейскіх сем'яў, якія раней сказалі б, што яны расейцы, цяпер лічаць сябе ўкраінцамі.

(Лазавы: ) “Этнічная адзнака, як вядома, ёсьць у пэўнай ступені ўмоўнай. Чалавек кажа: я этнічны ўкраінец, альбо я этнічны расеец, перад усім ад паходжаньня, а затым, што вельмі істотны фактар, ад таго, кім ён сам сябе лічыць”.

Лазавы лічыць, што перапіс прайшоў справядліва і што зьмяншэньне колькасьці расейцаў можна растлумачыць развалам Савецкага Саюзу, у выніку чаго многія расейцы вярнуліся ў Расею, а таксама спынілася расейская міграцыя на Чорнае мора, якая раней складалася пераважна з пэнсіянэраў, альбо тых, хто шукаў працу. Лазавы таксама кажа, што слабая эканоміка Ўкраіны пацягнула за сабой зьмяншэньне агульнай колькасьці насельніцтва.

(Лазавы: ) “Нават паводле афіцыйнай статыстыкі мы ведаем, што сотні тысячаў людзей павыяжджалі і выяжджаюць з Украіны. Перад усім – на заробкі, а таксама ў эміграцыю. Найчасьцей у суседнія краіны. Узровень нараджальнасьці ва Ўкраіне вельмі нізкі – сярод найніжэйшых у Эўропе. Гэта вялікая праблема дзяржавы, і я думаю, што камбінацыя гэтых двух чыньнікаў прывяла да такога спаду”.

Лазавы кажа, што гэты важны для Ўкраіны перапіс спачатку быў адкладзены ў сувязі зь фінансавымі праблемамі і недахопам законаў пра канфідэнцыйнасьць збору інфармацыі.

Канчатковыя вынікі перапісу насельніцтва ва Ўкраіне будуць абвешчаныя пры канцы году сёлета.