Нягледзячы на тое, што кіраўнік паўстаньня 1863 году Кастусь Каліноўскі прызнаны нацыянальным героем Беларусі, улады сёлета фактычна ня робяць нічога, каб адзначыць 140-я ўгодкі гэтага збройнага чыну.
Так, у Міністэрстве культуры мне паведамілі, што гэтая дата нават ня трапіла ў плян сьвяточных мерапрыемстваў на 2003 год. Міністэрства культуры фінансуе розныя музычныя фэстывалі, іншыя імпрэзы, але на сьвяткаваньне ўгодкаў паўстаньня Каліноўскага грошай не знайшлося. Чыноўнікі нават ня могуць патлумачыць, чаму так адбылося.
Міністэрства адукацыі параіла кіраўніцтву сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў правесьці з гэтай нагоды тэматычныя канфэрэнцыі. У міністэрстве таксама сьцьвярджаюць, што вучні й студэнты рыхтуюць да 140-х угодкаў паўстаньня рэфэраты. Але Міністэрства адукацыі стала фактычна адзінай дзяржаўнай установай, якая хоць неяк адзначае гэтую дату.
Дзесяць гадоў таму 130-я ўгодкі паўстаньня шырока адзначаліся ў Беларусі на дзяржаўным узроўні. Ладзіліся сьвяточныя імпрэзы, міжнародныя навуковыя канфэрэнцыі, выпускалася сувэнірная прадукцыя і г.д. Цяпер сытуацыя адваротная.
Нават у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук шчыра прызналіся, што забыліся пра гэтую дату. За апошні час у гэтай акадэмічнай установе не праводзілася ніякіх дасьледаваньняў па гісторыі паўстаньня. Чаму так адбылося, тлумачыць загадчыца аддзелу гісторыі Беларусі ХІХ стагодзьдзя Валянціна Яноўская:
(Яноўская: ) “Першая й галоўная прычына, гэта няма магчымасьці паездак у архівы Вільні й Санкт-Пецярбургу. Каб паглядзець на гэтую падзею новымі вачыма, падсумаваць усё, што зроблена трэба яшчэ раз прагледзець архіўныя матэрыялы. А мы ня можам атрымаць камандзіроўку. Для нас гэта асноўная праблема, а ня нейкія палітычныя абставіны. мы не адчуваем нейкага палітычнага ціску. Наадварот, гэтая праблема нас вельмі цікавіць”.
Фактычна не адзначаюць 140-ю гадавіну пачатку паўстаньня й апазыцыйныя сілы. Партыі рыхтуюцца да выбараў, і ім не да гэтага. Толькі актывісты БНФ ладзяць з гэтай нагоды некалькі сьціплых імпрэзаў. Лідэр БНФ Вінцук Вячорка гаворыць, што прычына сьціплага адзначэньня ўгодкаў паўстаньня ў тым, што ягоныя калегі проста не дапільнавалі каляндар. А вось як лідэр БНФ тлумачыць, чаму ўлады ня хочуць адзначаць гэтую падзею:
(Вячорка: ) “Што да ўладаў, то тут усё зразумела. Каліноўскі дастаткова адназначна акрэсьліў небясьпеку захаваньня ў Беларусі расейскай акупацыі. І адназначна сьцьвердзіў, адкуль зыходзіць небясьпека беларускаму народу ў яго этнічнай, рэлігійнай, эканамічнай самаістасьці. Менавіта таму цяперашнія ўлады баяцца гэтага імя, ды ня хочуць каб лішні раз яго ўзгадвалі”.
Імпрэзы да ўгодкаў пачатку паўстаньня пройдуць 21 студзеня ў гарадзенскай, а празь некалькі дзён у менскай штаб-кватэры БНФ.