У ГОРАДНІ НАЙБОЛЕЙ КАНДЫДАТАЎ НА ГАРАДЗКІЯ ВЫБАРЫ ПАДРЫХТАВАЛА ПАРТЫЯ БНФ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Старшыня гарадзкой філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін лічыць, што яе кандыдатаў абавязкова зарэгіструюць, паколькі іхныя дакумэнты юрыдычна спраўджаныя.

У Гарадзенскі гарадзкі савет ад АГП маюць балятавацца 5 чалавек. Усе — шляхам збору подпісаў. У абласны савет непасрэдна ад партыйнай арганізацыі вылучаныя яшчэ 6 чалавек, усе яны з розных раёнаў вобласьці.

Перадвыбарчая кампанія ў Горадні адбывалася ўзгоднена паміж дэмакратычнымі партыямі ды арганізацыямі. Вынікі гэтай папярэдняй працы ацэньваюць па-рознаму. Некаторыя лічаць, што мэта збольшага была дасягнутая. Менавіта — падзел акругаў па выбарах у гарсавет паміж прадстаўнікамі розных арганізацыяў. Аднак пра тры акругі гэтага сказаць нельга. У дзьвюх сябры АГП могуць сутыкнуцца зь сябрамі БНФ, яшчэ ў адной — з прадстаўніком БГК.

Што датычыць прадпрымальнікаў, зь якімі таксама праводзіліся перамовы, дык яны ўвогуле свае карты так і не раскрылі.

Найболей кандыдатаў на гарадзкія выбары падрыхтавала партыя БНФ — 10 чалавек. Паводле старшыні яе гарадзкой арганізацыі Аляксандра Міхальчыка, пры здачы дакумэнтаў яму давялося тэлефанаваць у Цэнтарвыбаркам. У гарадзкой выбарчай камісіі ня ведалі, што на ўсіх вылучэнцаў БНФ досыць адной копіі партыйнага статуту.