БЕЛАРУСКІХ СПАРТОЎЦАЎ ФІНАНСУЮЦЬ БАЦЬКІ

Ігар Карней, Менск

Адсутнасьць беларусаў на міжнародных арэнах часам зьвязаная ня толькі зь невысокімі спартовымі вынікамі, але зь фінансавымі мажлівасьцямі. Гомельская гандбольная каманда “Ўнівэрсытэт” не знайшла грошай на матч з супернікамі з Македоніі, за што на два гады была дыскваліфікаваная з эўрапейскага Кубку чэмпіёнаў і аштрафаваная на 7,5 тысяч эўра.

З-за фінансавых праблемаў зноў пакараны адзін зь вядучых біятляністаў Вадзім Сашурын: фэдэрацыя біятлёну не знайшла сродкаў, каб накіраваць спартоўца ў нямецкі Рупольдынг на адмысловае мерапрыемства, прысьвечанае барацьбе з допінгам. У выніку тэрмін ягонай дыскваліфікацыі падоўжаны да двух гадоў. Гаворыць Вадзім Сашурын.

(Сашурын: ) “Калі б фэдэрацыя была зацікаўленая аплаціць мне паездку, то, натуральна, я б паехаў. Але ўкладваць значныя грошы з улікам, што зараз я беспрацоўны — гэта занадта. Тым больш, я сам плаціў за лячэньне, папярэдне зьнялі 350 даляраў за авіяквіткі. На ўвесь шлях патрабавалася тысяча даляраў. Але палова праблемы нават ня ў гэтым. Я размаўляў зь віцэ-прэзыдэнтам фэдэрацыі, і ён на словах запэўніў: разумею, што ўсё каштуе вялікіх грошай, мы дашлем твой сьпіч праз Інтэрнэт. І я адпаведных крокаў чакаў. А потым даведваюся пра ўдар у сьпіну”.

Шэраг спартоўцаў наогул аддадзены фэдэрацыямі на волю лёсу. Так, летась нацыянальная каманда па кікбоксынгу ехала на турнір у Альбанію аўтастопам. Падобна, аналягічнага ўчынку чакаюць і ад самай славутай беларускай альпіністкі Ірыны Вялянковай. Яна спадзявалася ўзяць удзел у супольным пакарэньні Эвэрэсту з нагоды 50-гадовага юбілею першага ўзыходжання на вяршыню.

(Вялянкова: ) “Усе мае самыя значныя экспэдыцыі адбываліся зь вялікай цяжкасьцю. Дзяржава ўскосна дапамагла толькі аднойчы, у далёкім 1992-м. Увесь астатні час я выяжджала з дапамогай розных арганізацыяў і прыватных асобаў. Зараз сытуацыя яшчэ горшая. Цягам усяго 2002 году я займалася праектам узыходжаньня на Эвэрэст, але ўрэшце сутыкнулася з тым, што дзяржава адразу ж самаадхілілася, а фэдэрацыя альпінізму адмовіла ў падтрымцы. Я практычна ў безнадзейным становішчы. Ажыцьцявіць сваю найвялікшую мару амаль немагчыма. А хацелася б, каб Беларусь хоць раз дастойна прагучала на такім узроўні”.

Бадай, найгоршыя справы ў гэтак званых элітных відах спорту. Прыкладам, удзел маладых тэнісыстаў у міжнародных турнірах на 90% фінансуецца бацькамі. Вось што распавядае бацька тэнісысткі зборнай Беларусі Віктар Мікалаеў:

(Мікалаеў: ) “Езьдзяць толькі адзінкі. Усе астатнія варыянты шукаюць бацькі. Хто знойдзе спонсара, хто за свае грошы. Але спонсара асабліва не прыцягнеш, бо невядома, ці будзе калісьці аддача. Для тэнісыста патрэбныя 3–4 турніры на месяц. У нас афіцыйных спаборніцтваў здараецца 2–3 на год. Сваім коштам езьдзім ва Ўкраіну, у Расею — дзе бліжэй, каб меней грошай плаціць. Раскруціліся толькі тыя, хто ў свой час падпаў пад хвалю эміграцыі трэнэраў, якія прыхоплівалі з сабой найбольш здольных вучняў. Так зьявіліся Пучэк, Барабаншчыкава, Валчкоў. Усе, хто застаўся тут, паступова зачахлі, хоць дзеці былі вельмі таленавітыя”.

Многія спартоўцы ня вераць у беднасьць сваіх фэдэрацыяў. Той жа Вадзім Сашурын упэўнены, што грошы на рахунку фэдэрацыі ёсьць, але спартоўцам доступ да іх забаронены.